Пытанне: што такое недаспелы "Музычны апельсін"?

Гэта імпрэза, дзе кідаюцца іспанскімі, турэцкімі і егіпецкімі апельсінамі пад музыку беларускіх каманд. Наш Tarantino кажа, што гэта толькі пачатак. А за ім пачнецца сапраўды фантастычны час для беларускай музыкі. Таму, для пачатку, дэма-фэсты шчырай музыкі "Музычныя апельсіны" – гэта лакмусавая паперка, якая збірае музычныя сілы, даючы магчымасць прагным да сцэны гуртам выступіць, атрымаць апельсін, дыплом, ці, напрыклад, магчымасць некалькі разоў бясплатна правесці рэпу ў адной з мінскіх студый.

Беларусы прызвычаіліся чакаць. Грошай з неба. Ветру ў полі. Вясну. І музычных “разынак”, якіх, на жаль, могуць дачакацца толькі нашы ўнукі, і тое, пры добрым раскладзе.

Трэці па ліку дэма-фэст шчырай музыкі “Музычны апельсін” расчараваў абстрактнай канцэпцыяй, сумнеўным майстэрствам вядучых, прадказальнымі выступоўцамі, зацягнутасцю і адсутнасцю яскравага хэдлайнера. Калі раней апельсіны былі фішкай імпрэзы, дык цяпер фішкай яны быць перасталі… Карацей, фэст без фішкі – марна патрачаны час!

Праўда, нельга не адзначыць прарыву: сёлетні “Музычны апельсін” аказаўся найбольш мнагалюдным у параўнанні са сваімі папярэднікамі (600 чалавек сабраў фэст) і слабаалкагольным ў параўнанні з “Сонцастаяннем” і “Можна”. Аднак да “Сонцастаяння”, тым больш да “Можна”, “Апельсіну” трэба расці, спець, грэцца на сонцы і генерыраваць новыя ідэі. Можа тады і прыйдзе той “таранцінаўскі” фантастычны час росквіту беларускай музыкі.

Пачынаў фэст тэатр на хадулях "ІнЖэст" – сапраўдны гонар беларускай культуры.


ІнЖэст

Удалы сэт ад гурта Нака працягнуў фестываль. Наста Шпакоўская нагадвала вялікую рок-варажбітку, якая ведае шмат таямніц...

Гурт "Акана-NHS" падаўся публіцы разгубленым і не надта сабраным для выступу. Хацелася магіі, якая з'яўляецца працягам бабуліных песень, а атрымаўся факт кшталту: паглядзіце, які мы круты і афігенны гурт, як мы класна ўмеем спяваць! Спявае гурт супер, аднак гэты супер трэба яшчэ данесці да публікі і прымусіць яе плакаць альбо скакаць...




Акана-NHS. Руся і дыплом:)

Morfe acoustic band – крутая каманда, якая грае лацінападобны клезмер!



А гэта дзіцячы гурт з Навагрудку Metalgues. Не вядома, чым кіраваліся арганізатары-адкрывальнікі актуальных накірункаў, запрасіўшы хлопцаў на "Апельсін", аднак 12-15-гадовыя юнакі не далі сябе ў крыўду. Для першага выступу на вялікай сцэне трымалі сябе больш чым прыстойна...

Metalgues

Парадаваў гурт Нагуаль, які даў такой дыскатэкі, такога драйву і такога пазітыву! Фішка Лёні Паўлёнка заключаецца ў дзіўным спалучэнні стоадсоткавай творчай шчырасці і веры ў лясныя ідэі. Часам, Лёня нагадвае Ману Чао, а Нагуаль – рытмы "безбілетнай Афрыкі"...

"Музычны апельсін", дарэчы, святкаваў бенефіс Паўлёнка. Амаль ноччу Лёня зноў з'явіўся на сцэне "Рэактара" са сваім абноўленым праектам Маланка electromix.





Нагуаль

Разбавіў музычныя сублімацыі тэатр сучаснай харэаграфіі "D.O.S.Z.K.I." і выканаў фрагмент пастаноўкі "Камень. Нажніцы. Папера."

Лірыкі "Босае сонца" пагрузілі "рэактарцаў" у душэўныя перажыванні

Босае сонца

Гурт з Масквы "Область сердца" прыехаў у Мінск упершыню. На чале гурта аматары расійскіх тэлесерыялаў змаглі пазнаць акцёра Антона Эльдарава – добра вядомага па фільме "Сатдаты". Антон апынуўся неслабым спеваком з выдатным вакалам. Рамантычны рок, песні пра хрызантэмы – любімыя вобразы спяваючых акцёраў...


А потым яшчэ былі "Далі", Карп са сваім новым праектам, "Или-Или"... Імпрэза зацягнулася да глыбокай ночы... Апельсін – фрукт смачны. Аднак нельга яго пераесці. Можа пачацца алергія... А яшчэ апельсіны бываюць турэцкімі, іспанскімі, егіпецкімі... Музычнымі? Толькі ў Беларусі! Ім бы спеласці, тады іх можна есці з вялікім апетытам...


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі