Вы тут

Пяць прычын, чаму дзеці не ходзяць у школу

Аляксандр Васюковіч / Euroradio

"Куды коціцца адукацыя? Колькі дзяцей з парушанай псіхікай і здароўем?" — кажуць прыхільнікі хоўмскулінгу. У іх хапае аргументаў за дамашняе навучанне: індывідуальны падыход, псіхалагічны камфорт, лепшае развіццё дзіцяці.

У якасці аргументаў "супраць" — адсутнасць сацыялізацыі і канкурэнцыі з іншымі дзецьмі, узровень дамашняй адукацыі і рэалізацыі школьнай праграмы.

Трынаццацігадовай Ангеліне і пятнаццацігадоваму Дані з Украіны могуць пазайздросціць многія аднагодкі. Яны вучацца дома ўсяго пару гадзін на дзень, а потым займаюцца сваімі справамі — гуляюць у футбол, глядзяць серыялы, наведваюць экскурсіі.

Шасцігадовая Анана і трынаццацігадовы Ачы з Грузіі мараць пайсці ў школу, але не могуць з-за беднасці. Ім проста няма ў чым хадзіць на заняткі. Сэвіндж і Чынара з азербайджанскай вёскі Газбабалы праходзяць некалькі кіламетраў пешшу праз горы, каб патрапіць у школу ў суседнім сяле. Зімой дарогу заносіць снегам, і яна становіцца непраходнай.

Адзінаццацікласнікі Ваня Філімонаў і Каця Жылінская з Беларусі кожны дзень ездзяць на электрычцы ў прыгарад Мінска, каб атрымліваць адукацыю на роднай мове. А дзевяцігадовая Ганна Кіку з Малдовы не можа хадзіць у школу з-за дыябету і атрымлівае адукацыю дома.

"Медыясетка" распавядае гісторыі дзяцей з Грузіі, Азербайджана, Малдовы, Беларусі і Украіны.

 

Грузія. Дзеці не ходзяць у школу з-за беднасці

Шасцігадовая Анана паўтарае грузінскі алфавіт, якому яе навучыла мама. Яна не змагла пайсці ў першы клас у верасні, таму што ў сям'і няма грошай. Трынаццацігадовы Ачы кінуў школу каля года таму. Яму вельмі падабалася вучыцца і гуляць з аднакласнікамі. Ачы марыць вярнуцца ў школу. Цяпер ён сядзіць дома і дапамагае маме.

У Анана і Ачы трое братоў і сясцёр. Разам з маці яны жывуць у закінутым будынку ў пасёлку Тбіліскага электравозабудаўнічага завода. Газу і электрычнасці ў доме няма.

 

"Тыднямі на пустой гарбаце жывём, галодныя, бывае, кладзёмся спаць, але дзеці на вуліцу жабраваць не пойдуць. Перажываюць, што не ходзяць у школу..." — распавядае 41-гадовая Ніно Капанадзэ, маці Анана і Ачы.

Гісторыю Анана і Ачы глядзіце на  JamNews.

 

Азербайджан. Не ўсе дзеці могуць дабрацца да школы

Дзяўчынкі з азербайджанскага горнага сяла Газбабалы, Сэвіндж і Чынара, ходзяць у школу ў суседнюю вёску праз горы. Доўгая неасфальтаваная дарога ў суседнюю вёску праходзіць уздоўж лесу, у якім водзяцца дзікія звяры, у прыватнасці ваўкі і шакалы. Многія бацькі баяцца адпраўляць дзяцей у школу, таму дзеці ў Газбабалы застаюцца неадукаванымі, і нават чытаць і лічыць толкам не ўмеюць.

Чынара Джафарава разам з сястрой кожны дзень праходзяць гэты доўгі, складаны і небяспечны шлях у школу. Толькі зімой у снег і дождж, калі дарога становіцца непраходнай, яны застаюцца дома.

Гісторыю Сэвіндж і Чынары глядзіце на Meydan.tv.

 

Беларусь. Адукацыя на беларускай мове ў падпольным ліцэі

Ваня Філімонаў і Каця Жылінская з Мінска ездзяць вучыцца ў ліцэй, які не знойдзеш на карце. Як і ў Хогвартс, патрапіць туды можна з платформы электрычак, яшчэ кіламетр ад станцыі трэба ісці пешшу.

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працуе ў падполлі амаль 16 гадоў. У катэджы пад Мінскам ўсе заняткі праходзяць на беларускай мове. Вучні тут могуць хадзіць у джынсах і з зялёнымі валасамі, піць ваду і каву на ўроках, абедаць проста ў класе на перапынках і мець уласнае меркаванне. Гэта для беларускіх сярэдніх школ — рэдкасць. Таму дзеці гатовыя ездзіць сюды на электрычцы кожны дзень.

Выпускнікам ліцэя адчыненыя ўсе дзверы, але не ў Беларусі. Ліцэістам без праблем даюць стыпендыі польскія ўніверсітэты, яны вучацца ў многіх ВНУ Еўропы і ў ЗША.

Гісторыю Каці і Вані глядзіце на Euroradio.

 

Украіна. Хоўмскулінг з-за незадаволенасці сістэмай адукацыі

Пятнаццацігадовы Даня Міхалюк і трынаццацігадовая Ангеліна Кастрыцкая вучацца некалькі гадзін на дзень. У астатні час яны займаюцца танцамі, футболам, вучаць маляванню малодшых, наведваюць экскурсіі і глядзяць серыялы. Столькі часу ў іх з'явілася дзякуючы пераходу на хоўмскулінг. Раней дамашняе навучанне ва Украіне было даступнае толькі па медыцынскіх паказаннях або іншых уважлівых прычынах, але цяпер многія абмежаванні адмянілі.

Як выглядае хоўмскулінг ва Украіне? Як дзеці вучацца дома і як выглядае іх навучальны дзень? Глядзіце гісторыю Дані і Ангеліны на "Громадском".

 

Малдова. Дамашняе навучанне — адзіны выхад для дзяцей з праблемамі са здароўем

У дзевяцігадовай Ганны з Малдовы дыягнаставалі дыябет I тыпу ва ўзросце трох з паловай гадоў. Жыццё і здароўе дзіцяці залежыць ад рэгулярнага прыёму інсуліну. У Малдове выхавальнікі або школьныя настаўнікі вучаць індывідуальна дома толькі тых дзяцей, у якіх ёсць парушэнні апорна-рухальнай сістэмы. У Ганны няма такіх праблем, але ёсць іншыя патрэбы, напрыклад своечасова атрымліваць інсулін. Таму Ганна не ходзіць у школу, а вучыцца дома, а яе настаўніца — мама.

У школе дзяўчынцы не надавалі належнай увагі, кажа яе мама Дыяна Кіку: "Дзеці з праблемамі са здароўем не такія ўжо зручныя для настаўнікаў, таму што з 25-30 дзецьмі ў класе цяжка надаваць увагу дзецям з асаблівымі патрэбамі".

Ганна вырашае задачы па матэматыцы, вучыцца пісаць, маляваць, аналізаваць і выпраўляць памылкі, вывучае мовы. У яе ёсць сшыткі, кніжкі, школьны заплечнік, але яе няма ў нацыянальнай сістэме адукацыі, і закон не дае ёй права на дамашняе навучанне, але і не забараняе яго.

Глядзіце гісторыю Ганны на ZDG.