Pukstband не дапусціць "Триумф воли" у інтэрнэт

Pukstband амаль скончыў працу над новым альбомам.
Як распавёў лідар калектыву Сяргей Пукст, усе песні запісаныя ўжо вельмі даўно, але існуюць пытанні са звядзеннем, а дакладней з гукарэжысёрам.

Сяргей Пукст: "У нас у горадзе шмат выдатных гукарэжысёраў, але яны ўсе бяруць на сябе яшчэ і функцыю саўнд дызайнера. А мне патрэбны быў больш халодны падыход. Адзіная задача гукача, як я яе бачу, гэта адэкватнае данясенне кампазітарскай ідэі да слухача. То бок ніякіх асаблівых пераўтварэнняў у гуку ці ў аранжыроўцы не патрабуецца".

Зараз Сяргей Пукст разам з Аляксандрам Ліберзонам ("Кассиопея") працягваюць працу і спадзяюцца, што дыск з'явіцца ўжо ў лістападзе. На альбоме, працоўная назва якога "Триумф воли", будзе 14 песень. Магчыма, з'явяцца і два бонусныя рэміксы, але гэта пакуль на ўзроўні ідэі. Што датычыцца стылістыкі, то Сяргей перакананы, што такога ў Беларусі пакуль не было.

Сяргей Пукст: "Гэта афігенны матэрыял! Хоць і не вельмі новы, бо ў нас зацягнуўся момант выхадак. Але матэрыял вельмі добры проста таму, што гэта нешта незвычайнае, тое што ў беларускай музыцы, я пакуль што не чуў. Хоць, безумоўна, сябе пахваліць заўсёды прыемна".

Сяргей прызнаўся, што на выданне альбома на дыску ён ні з кім не дамаўляўся і пакуль не ведае, ці пагадзіцца на гэта які-небудзь лэйбл. Але ў кожным выпадку выкладаць кружэлку ў Інтэрнэт ён не збіраецца.

Сяргей Пукст: "Тут я пагаджуся са словамі Роберта Сміта (The Cure), які асудзіў у свой час гурт Radiohead, і сказаў, маўляў, калі вы па сапраўднаму цэніце тое, што робіце, то аддаваць гэта задарма - па-чалавечы шкада. Не выключаю, што на торэнтах усё з'явіцца ў той жа момант, як выйдзе дыск. Але сваімі рукамі я выкладаць нічога не планую, бо матэрыял, які знаходзіцца на дыску, вельмі дарагімі для мяне ў эмацыйным і творчым сэнсе".

Нагадаем, што "Триумф воли" стане трэцім студыйным альбомам калектыву. Папярэднія дыскі Strange Glamoure (2003) і Pukstjazz (2004) атрымалі дастаткова высокія адзнакі крытыкаў, і поспех у адпаведных музычных колах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі