Прысуд па “справе прафсаюзаў” пакінулі ў сіле

Прысуд па “справе прафсаюзаў” пакінулі ў сіле

Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд лідарам незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку. Пра гэта ў ФБ паведамляе праваабаронца і юрыст прафсаюзу Андрэй Стрыжак.

Прысуд па “справе РЭП” быў вынесены Савецкім судом Мінска ў жніўні 2018. Фядыніча і Комліка прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры і асудзілі да чатырох гадоў хатняй хіміі з забаронай займаць кіруючыя пасады цягам пяці гадоў.

Фядыніч і Комлік падалі апеляцыю, у якой прасілі адмяніць прысуд і спыніць крымінальную справу. Але гарадскі суддзя пакінуў прысуд у сіле.

У жніўні 2017 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў ператрусы дома ў Фядыніча і Комліка, а таксама ў  офісе прафсаюза РЭП і цэнтральным офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Прафсаюзных лідараў затрымалі, але праз пэўны час вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. 

Суд вырашыў, што Фядыніч і Комлік адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў літоўскім банку, куды паступалі грошы. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на іх рахунак паступіла 140 тысяч еўра. Нявыплачаныя падаткі, паводле разлікаў Камітэта дзяржкантролю, склалі каля 23 тысяч рублёў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі