Prince выдае альбом у газеце

Прынс (Prince) збіраецца выпусціць свой новы альбом «20 Ten» медыйна-газетным спосабам.  На тэрыторыі Еўропы пласцінка выйдзе ў якасці бясплатнага дадатку да шэрагу папулярных газет і часопісаў. 10 ліпеня жыхары Вялікабрытаніі атрымаюць «20 Ten» разам з выпускам «The Daily Mirror», бельгійцы – з газетай «Het Nieuwblad», а ў Германіі лонгплэй стане дадаткам да жнівеньскага нумара часопіса «Rolling Stone», які з'явіцца 22 ліпеня.

У кожным з гэтых выданняў будзе таксама змешчана эксклюзіўнае інтэрв'ю з выканаўцам, прысвечанае рэлізу новага альбома. Агулам такім чынам будзе распаўсюджана каля 2,5 мільёнаў дыскаў.

Зараз Прынс і яго менеджмент разглядаюць прапановы супрацоўніцтва ад перыядычных выданняў іншых еўрапейскіх краін.

Нагадаем, што ўпершыню музыка паспрабаваў падобную практыку тры гады таму, калі выдаў свой альбом «Planet Earth» як бясплатны дадатак да лонданскай «Mail on Sunday». Гэты крок не спадабаўся лэйблу артыста, што адмовіўся выпускаць лонгплэй камерцыйным рэлізам. Пласцінка выйшла на CD толькі ў ЗША.

Мяркуецца, што і новы альбом будзе распаўсюджвацца на фізічных носьбітах толькі на амерыканскім рынку.

Трэк-ліст «20 Ten»:

1. Compassion
2. Endlessly Beginning
3. Future Soul Song
4. Sticky Like Glue
5. Lavaux
6. Act Of God
7. Walk In Sand
8. Sea Of Everything
9. Everybody Loves Me
10. Untitled Bonus Track.

Фота: idolator.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі