Праваабаронцы прызналі Змітра Паліенку палітвязнем

Праваабаронцы прызналі Змітра Паліенку палітвязнем

Праваабаронцы Беларусі прызналі Змітра Паліенку чарговым палітычным вязнем, піша сайт "Вясна". Пад сумеснай заявай падпісаліся дзевяць праваабарончых арганізацыяў: “Вясна”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр", РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", РГА "Прававая ініцыятыва". 

Падставай для крымінальнага пераследу Паліенкі стаў яго ўдзел у мірнай акцыі раварыстаў “Крытычная маса”, якая адбылася 29 красавіка 2016 года. За ўдзел у ёй хлопца асудзілі за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару. Праваабаронцы звяртаюць увагу, што парушэнні, у якіх вінавацілі хлопца, не знайшлі пацвяржэння ў судзе. 

7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання. Цяпер Паліенку накіруюць у папраўчую калонію: ён будзе адбываць пакаранне на працягу 1,5 года.

Праваабаронцы адзначаюць, што пераслед Паліенкі мае палітычна матываваны характар. Яны звяртаюць увагу, што падставамі для адмены адтэрміноўкі сталі, у тым ліку, прыцягненне яго да адказнасці за рэалізацыю права на мірныя сходы.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Паліенку. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі