Пра Віку Мароз стварылі спектакль

Дзяўчынка стала сімвалам “нябачнай вайны дзяцінства”. Акцёры "Свабоднага тэатра" экспрэсіўна чытаюць беларускія газеты – адну за адной. Лялька Вікі, зробленая імі з гэтых газет, размаўляе па тэлефоне са сваімі італьянскімі бацькамі, лётае ў паветры і разбіваецца аб шкло.

Акцёры распавядаюць пра ўласны вопыт спробы самагубства, пра жыццё з бацькам-вязнем, пра здзекі над імі ў дзіцячым садку. Не дзіва, што спектакль “Легенды дзяцінства” называюць сеансам масавай тэрапіі.

Пакуль што гледачы бачылі паасобку дзве яго часткі, адну з якіх граюць акцёры “Свабоднага тэатра”, другую – гледачы, людзі “з вуліцы”. “Легенды дзяцінства” – амаль цалкам аўтабіяграфічны спектакль. Адзіная гісторыя, якую граюць акцёры, а не рэальны яе ўдзельнік – гісторыя Вікі Мароз.

Рэжысёр спектакля Уладзімір Шчэрбань кажа, што шукаў у дзяцінстве адмысловы вопыт. Ён называе яго “сутыкненнем з Раем і Пеклам дзяцінства”.

Спектаклі, якія граюць гледачы, незвычайная справа для Беларусі. Стваральнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін называе “Легенды дзяцінства” крокам тэатра наперад.

Мікалай Халезін: “Мы пераходзім да новых стадый працы, якія нам падаюцца больш цікавымі, актуальнымі і сучаснымі. Больш за 40 чалавек удзельнічалі ў кастынгу, засталіся тры. Мяне здзівіла, што гэтыя людзі часам былі цікавейшыя за многіх нашых акцёраў”.

Праца над спектаклем ішла на працягу года, але напрыканцы яго рэжысёр зразумеў, што гледачы і акцёры – носьбіты гісторый больш цікавых і значных, чым тыя, што былі ў сцэнары. “Свабодны тэатр” вырашыў рызыкнуць, і таму перад пачаткам спектакля можна было пачуць: “Менш за ўсё мы разлічваем на апладысменты, больш за ўсё – на разуменне”.

Акцёры граюць свае гісторыі і жахі дзяцінства, гісторыі сваіх дзяцей. Яны танчаць пад “Ласкавы май”, паказваюць, як спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, распранаюцца, падаюць на падлогу. “Вось рэчы, якія былі ў кішэнях майго сына, ён павесіўся на рамяні, якім біў яго айчым”, - і акцёр іх паказвае, раскладае на крэсле.

Акрамя аўтабіяграфічных гісторый, тэатр паставіў нашумелую і неадназначную гісторыю Вікі Мароз – дзяўчынкі з вілейскага інтэрнату.

“Свабодны тэатр” не імкнецца быць па-за палітыкай, яго пазіцыя жорсткая і адназначная. Але спектакль пра вопыт дзяцінства, а не пра Віку Мароз, кажа Уладзімір Шчэрбань.

Уладзімір Шчэрбань: “Дзяцінства, аказалася, было дастаткова жорсткім ва ўсіх. І мы прыходзім да такой думкі, што дзяцінства – гэта такая нябачная вайна. Мы спектакль прысвячаем не толькі тым, хто пасталеў, а і тым, хто застаўся ў дзяцінстве, – памёр, напрыклад. Гэта першая частка. І, канешне, шмат зломаў, шмат мутацый дзіўных. Ёсць страхі, якія і цяпер “трымаюць”. Але ўсё ж мы робім спектакль пра тых, хто пераадолеў, гэта наш пасыл зале. То бок усё можна пераадолець. І можна расказаць, усё вербальна аформіць, – і гэта бясцэнны досвед”.

У лістападзе спектакль будзе паказаны на тэатральным фестывалі ў Хельсінкі. Чым спектакль пра шнары і калецтвы беларускага дзяцінства зацікавіць фінаў, Еўрарадыё запыталася ў рэжысёра.

Уладзімір Шчэрбань: “Для нас гэта свайго роду масавая тэрапія. Дзівосна, але вельмі вялікая цікавасць да задумы гэтага спектакля. Значыць, вельмі шмат яшчэ нявырашанага, значыць, шмат людзі яшчэ не сфармулявалі. І такая масавая тэрапія вельмі карысная тут і, канешне, выклікае цікавасць і ў іншых краінах. Таму што шчырасць і сумленнасць заўсёды цікавыя”.

Дзве першыя часткі “Легендаў дзяцінства” “Свабодны тэатр” паказваў у прыватным доме пад Мінскам па папярэднім запісе. Хутчэй за ўсё, патрапіць на поўную прэм’еру спектакля можна будзе такім жа чынам ці завітаўшы на фестываль у Хельсінкі.


Фота — www.dramaturg.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі