Вы тут

Польшча папросіць беларускіх спартоўцаў пацвердзіць, што яны супраць вайны

Беларускіх спартоўцаў у Польшчы перад спаборніцтвамі могуць папрасіць пацвердзіць пісьмова, што яны супраць вайны / pixabay

Міністэрства спорту і турызму ў Польшчы распрацавала шэраг рэкамендацый для польскай спартыўнай грамадскасці, якія тычацца ўзаемадзеяння з расійскімі і беларускімі спартоўцамі.

Калі міжнародная спартыўная федэрацыя дала згоду на ўдзел беларуса спартоўца пад "нейтральным сцягам", Міністэрства просіць запатрабаваць дадатковае пацверджанне таго, што чалавек не выступае як прадстаўнік беларускай дзяржавы. Сярод іншага — не атрымлівае фінансавання ад беларускай дзяржавы або кампаній, звязаных з ёй. А таксама ніколі не выказваў і не збіраецца выказваць падтрымку агрэсіі Расіі ў вайне з Украінай.

"Гэта пацверджанне можа быць пададзена ў рознай форме, напрыклад, у выглядзе інтэрв'ю для СМІ, праз парталы, падпісанне адпаведнай заявы, далучэнне да антываеннай дэкларацыі", — гаворыцца ў рэкамендацыях.

Калі ж чалавек пасля парушыць прынятыя на сябе абавязацельствы, яго просяць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці.

Польскі спартыўны саюз таксама просяць прасачыць за тым, каб ні на экіпіроўцы спартоўцаў, ні падчас інтэрв'ю пры іх не было беларускіх сцягоў і каб не выконваўся беларускі гімн. Арганізатараў мерапрыемстваў просяць не дапусціць, каб нейтральныя спартоўцы рабілі прабеларускія або прарасійскія заявы або дэманстравалі знакі Z, V або георгіеўскую стужачку.

Міністэрства рэкамендуе польскім спартыўным саюзам і арганізатарам мерапрыемстваў, у тым ліку мерапрыемствы аматарскага характару, дазволіць удзел беларусам, якія не парушаюць гэтых патрабаванняў.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.