"Петля Пристрастия" прэзентавалі альбом "Всем доволен"


4-га лютага ў сталічным "Рэактары" гурт "Петля Пристрастия" прэзентаваў свой дэбютны дыск "Всем доволен"
Выступ непасрэдна "Петли Пристрастия" пачаўся прыкладна праз гадзіну пасля пачатку канцэрта: першай на сцэне з'явілася каманда, якая крыху прытаміла прысутных гадзінным сёрф-рокам у стылі 60-х.

Гурт "The Siliсon", разгадаць назву якога мы спрабавалі цягам усяго выступу, створаны гітарыстам "Петли Пристрастия" Змітром Паплаўскім. Адзін з варыянтаў адказу на гэты рэбус нам падказалі сябры музыкантаў: "The Siliсon" у перакладзе з ангельскай гэта "крэмень".


"Мы не спяваем, але нашы гітары кажуць усё без словаў," — кажа са сцэны Зміцер Паплаўскі, і трыа музыкаў, шалёна перабіраючы струны, пряцягвае "грызці" крэмень сёрф-року.


Невялічкая паўза паміж выступамі, і вось яны — новыя героі: аўтар песень і лідэр гурта "Петля Пристрастия" Ілля Чарапко-Самахвалаў, нязменны бас-гітарыст Цімафей Савіцкі (з якім калісьці Ілля і стварыў гурт), бубначом на дадзены момант з'яўляецца Лёша Тарасевіч (які да таго ж бярэ ўдзел у гурце "Адзіс Абеба"), гітарысты Іван Сіліцкі і Зміцер Паплаўскі ("The Siliсon").




Ілля Чарапко каротка павітаўся і пачаў імпрэзу — "Петля Пристрастия" "ўдарыла" па акордах і публіка, якая збольшага займала ўвесь танцпол, прынялася скакаць пад рытмы любімых песень.




Гітарыст гурта "The Toobes", які цягам усяго канцэрту танчыў і спяваў ля сцэны, распачаў хвалю стэйдждайвінгу, які музыкі "Пятлі" ўжо не змаглі спыніць да фінальнай песні. Адзін за адным фанаты ўздымаліся на сцэну, таўкліся на гітарных прымочках і кабелях, чым моцна злавалі гукарэжысёра, і адтуль падалі на узнятыя ўгару рукі натоўпу.






Праект "Петля Пристрастия" — гэта вельмі сур'зны погляд на свет. Гурт цікавы не толькі дзякуючы лютым гітарным рыфам, зменлівым мелодыям і рытмам, і свежым аранжыроўкам, але, перш за ўсё, унікальнымі тэкстамі. У дадатак — брутальны і надрыўны вакал  Іллі Чарапко і шалёныя танцы. І ўсё гэта вытрымана ў межах жанру, які самі музыканты азначаюць як індзі-рок.






Моцным адрозненнем каманды ад шматлікіх іншых прадстаўнікоў гэтага стылю з'яўляецца мінорны, нават дэпрэсіўны настрой, а таксама тэматыка безвыходнасці і жыццёвай неўладкаванасці, якую яны закранаюць у сваёй лірыцы. Мы вырашылі даведацца, наколькі шмат агульнага ў Іллі Чарапко з героем яго песень:


Ілля Чарапко: "Мяне часта пытаюць, адкуль я бяру тэматыку сваіх песень. Адказваю — паўсюль!!! У тым ліку і са смецця ў галаве. І з уласнага жыцця хапае, як у кожнага нармальнага чалавека".






Зрэшты, выканана было практычна ўсё, чаго і чакалі фанаты ад гурта. Быў добры кантакт з залай, даволі поўная і доўгая праграма, якая шмат каму падалася кароткай  — як і належыць. На развітанне хлопцы выканалі на біс "Дышать и смотреть".






Можна назваць шмат крытэрыяў, каб ацаніць канцэрт "Петли Пристрастия". Ці варта прыходзіць на наступныя выступы гурта? Так! Нават калі для гэтага вам давядзецца павандраваць па заснежаных завулках Масквы, Піцера і іншых расійскіх гарадоў, куды ў хуткім часе гурт накіроўвацца з канцэртамі.













Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі