“Пашынян ― гэта Лукашэнка ўзору 1994 года”, ― эксперт

Аксамітная рэвалюцыя, якая пачалася ў Арменіі ў красавіку 2018 года, і скочылася адстаўкай Сержа Саргсяна, прывяла да ўлады новых людзей. Чым паслярэвалюцыйная Арменія падобная да Беларусі, і якія адносіны новы армянскі ўрад будзе выбудоўваць з нашай краінай, кіраўніцтва якой прадае зброю палітычнаму праціўніку Арменіі ― Азербайджану?

 

“Пашынян ― гэта Лукашэнка ўзору 1994 года”

 

Асноўная прычына, якая прывяла армянскі народ да рэвалюцыі, — гэта карумпаванасць улады. Так лічыць дырэктар Аналітычнага цэнтра па глабалізацыі і рэгіянальным супрацоўніцтве Сцяпан Грыгаран. А дырэктар Інстытута Каўказа Аляксандр Іскандаран нечакана параўноўвае лідара армянскай рэвалюцыі Нікола Пашыняна з… Аляксандрам Лукашэнкам.

“Лукашэнка 1994 года ― гэта быў чалавек, які прыходзіў да ўлады ў індывідуальным парадку, супраць сістэмы, змагаючыся з карупцыяй. Так жа, як Пашынян у Арменіі. Але Лукашэнка ператварыўся ў таго, у каго ператварыўся. Бо палітыка ― яна такая.

Я не схільны цяпер ацэньваць асобы, падобны Пашынян на Лукашэнку ці не. Важныя ўмовы ў Беларусі 1993-1994 гадоў і ў Арменіі цяпер. Яны цалкам розныя! І ўявіць сабе, што ў Арменіі, у тым атачэнні палітычным, якое ў нас цяпер ёсць, будзе магчыма ўсталяванне “лукашэнкападобнага” рэжыму, нельга. Размова не пра тое, якая асоба: гісторыя паказвае, што армяне не церпяць аднаго прэзідэнта больш за дзесяць гадоў. Таму, не, я не думаю [што Пашынян стане армянскім Лукашэнкам]. Хаця нешта падобнае ёсць”, ― кажа Аляксандр Іскандаран.

Аляксандр Іскандаран, фота Змітра Лукашука

Знешнепалітычны выбар Арменіі ― ніколі не рабіць выбару

 

Новае кіраўніцтва Арменіі ад самага пачатку рэвалюцыі заяўляла (і цяпер гэта паўтарае), што ніякіх зменаў у знешняй палітыцы не будзе. Маўляў, як на знешнепалітычнай арэне дзейнічала папярэдняя ўлада, у якія міжнародныя структуры ўваходзіла, гэтак жа будзе дзейнічаць і новы ўрад, ні адкуль выходзіць не будзе. І стратэгічным партнёрам Арменіі па-ранейшаму будзе Расія. Чаму?

“Фармат знешняй палітыкі Арменіі не памяняецца ― мы будзем выбудоўваць стратэгічныя адносіны з Расіяй, і будзем працаваць з Еўрасаюзам і ЗША, ― тлумачыць Сцяпан Грыгаран. ― Але па сваёй сутнасці палітыка будзе змяняцца. Раней ўлады дэкларавалі, што мы праводзім шматвектарную палітыку, але, па сутнасці, усё аддавалі Расіі. І калі справа даходзіла да стасункаў з ЕС, ЗША, NATO, дык гэта ўсё было ў мінімальных аб’ёмах. А цяпер супрацоўніцтва, па сутнасці, зменіцца, і тая ж дамова з Еўрасаюзам па змесце будзе ажыццяўляцца больш глыбока. Мы цяпер з ЕС, умоўна кажучы, дзесяць праграм робім. А можна рабіць 50 праграм. І мы гэтыя 50 праграм будзем рабіць”.

“Шматвектарнай” палітыкай, пры якой перавага аддаецца Расіі, падабенства Арменіі і Беларусі не заканчваецца. У новых армянскіх уладаў ёсць жаданне любым чынам ухіліцца ад неабходнасці зрабіць геапалітычны выбар, сцвярджае Аляксандр Іскандаран.

“Не бывае знешняй палітыкі, якая не змяняецца. Дынаміка знешняй палітыкі ў дачыненні да Расіі, Беларусі ды іншых краін АДКБ была да таго, як Арменія стала сябрам ЕўрАзЭС. І гэтая дынаміка будзе працягвацца. Але калі будзе магчымасць узмацніць стасункі з Еўропай, дык рабіць гэта будуць. Калі такой магчымасці не будзе, не будуць. Праблема ў тым, што калі ў Расіі і Захаду дрэнныя стасункі, дык нам становіцца туга. І нас прымушаюць рабіць выбар. А выбар Арменіі ― не рабіць выбару. А калі паміж Расіяй і Захадам нейкі модус адносінаў падтрымліваецца, тады ў Арменіі ёсць магчымасць для манёўра. І ад гэтага моцна залежыць тое, як будзе праходзіць развіццё ўзаемаадносінаў Арменіі з Захадам”.

 

Несіметрычныя адносіны

 

Беларусь і Арменія з’яўляюцца ваеннымі партнёрамі ў межах АДКБ. Як, дарэчы, і Расія. Вось толькі і Расія, і Беларусь паводзяць сябе не па-партнёрску, лічаць армяне. Бо што ж гэта за партнёр такі, які прадае зброю твайму палітычнаму праціўніку? Гаворка пра сістэмы залпавага агню “Паланэз”, якія Беларусь паставіла ў Азербайджан.

Як “партнёры” будуць выбудоўваць адносіны? Цікаўлюся ў былога намесніка міністра замежных спраў Арменіі Армана Навасардзяна і палітолага Ануша Седракяна.

У Арменіі і Беларусі былі і ёсць вельмі цёплыя і сяброўскія адносіны, кажа Арман Навасардзян. Але…

“Але калі мы пачынаем разглядаць нашы адносіны з пункту гледжання АДКБ, то тут усё становіцца вельмі складана. Справа ў тым што Лукашэнка развівае несіметрычныя адносіны ў межах гэтага саюзу з Азербайджанам і з Арменіяй. Тое, што ён наведвае Азербайджан, атрымлівае ордэн ад Аліева і кажа: “Адпрацуем”, ― гэта зразумела, двухбаковыя адносіны. Але калі сюды дадаецца яшчэ і такая зброя як “Паланез”, то гэта становіцца не зразумелым. Такая патавая сітуацыя. І як мы павінны глядзець на гэта?”, ― кажа Арман Навасардзян.

“Прэзідэнт Лукашэнка неяк скардзіўся, што ў свеце не паважаюць АДКБ. Але калі ён, як адзін з лідараў краін АДКБ, будзе паводзіць сябе так, то ніхто паважаць і не будзе. У тым ліку ― і ўнутры самога АДКБ. І ніхто не будзе ўсур’ёз ставіцца да гэтай арганізацыі і да яго саюзніцкіх дамоўленасцяў. Продаж такой наступальнай зброі, як “Паланез”, наносіць вялікія страты нашым адносінам. Ніхто гэта ў Арменіі не вітае. Мінск, які выступае як міратворчая платформа для Карабаха і Украіны, пасля такога не змогуць разглядаць як міратворчую платформу ўсур’ёз”, ― дадае Ануш Седракян.

Арман Навасардзян і Ануш Седракян, фота Змітра Лукашука

Калі Беларусь хоча згубіць Арменію, яна смела можа працягваць дзейнічаць так, як дзейнічала раней, і прадаваць зброю Азербайджану, кажуць эксперты. Але калі сяброўства з Арменіяй важнае для Мінска, то беларускія ўлады павінныя пераглядзець свае дзеянні.

Адказ былога намесніка міністра замежных спраў Арменіі Армана Навасардзяна і палітолага Ануша Седракяна на пытанне журналіста Еўрарадыё пра будучае армяна-беларускіх адносінаў можна паслухаць тут: