"Пару Рублей" развіталіся не скончыўшы альбом

Гурт "Пару Рублей" спыніць існаванне адразу пасля канцэрта "СКА в большом городзе", які адбудзецца 19-га верасня ў сталічным клубе "Рэактар".
Як распавёў гітарыст і заснавальнік калектыву Павел Яноўскі, гэта было неабходнае рашэнне, бо гурт ужо даўно не рухаецца наперад.

Павел Яноўскі: "Шмат прычын. Няма імпэту ў музыкаў, то бок музыкі занятыя сваімі справамі, у некаторых дзеці нарадзіліся, карацей, бытавыя прычыны. Таму пакуль гурт не існуе, і ён не існуе ўжо гады два. Ну, і які сэнс рабіць нешта далей? Мы проста па мірнаму разышліся".

Праўда музыка дадаў, што далейшага лёсу гурта ён пакуль не ведае і нагадаў, што цягам апошняга году калектыў запісваў новы альбом.

Павел Яноўскі: "Пакуль гэта ўсё, але з аглядкай на тое, што калісьці гурт адрадзіцца. То бок 70 % новага альбома запісаныя, матэрыял ёсць, але дапісаць яго не атрымліваецца. Зразумела, што ён ляжа кудысьці на палічку, і, магчыма, калі-небудзь выйдзе. Але пакуль нічога дакладнага я сказаць не магу".

Варта адзначыць, што Павел кідаць музычную кар'еру не збіраецца і зараз абдумвае новы праект, але іншыя падрабязнасці музыка называць адмовіўся.

Нагадаем, што апошні выступ гурта "Пару Рублей" адбудзецца 19-га верасня падчас канцэрту "СКА в большом городзе" у клубе "Рэактар", дзе таксама адыграюць гурты "Йо-Йо" і J-J BINGZ.

За 6 гадоў існавання "Пару Рублей" выдалі толькі адзін альбом, які называўся "Трезвый расчет".
 
Фота: telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі