Пани Хида "The Bestолочь"

120615 Agljadacha.mp3

Апошнім часам усё больш беларускіх гуртоў, вядомых і папулярных напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х, спрабуюць вярнуцца на сцэну. У прынцыпе, гэта адбываецца па ўсім свеце, але мы, падаецца, б’ем усе рэкорды. “Жнюв”, Hasta la Filsta, Gods Tower, Happy Face, “Йо-Йо”, “Красные звезды”… Гэта толькі тое, што адразу ўзгадваецца. І вось з новым альбомам, кліпам і планамі вярнуўся аршанскі калектыў “Пани Хида”. Пяты дыск гурта называецца “The Bestолочь”, такі намёк на складанку найлепшага за апошнія сем гадоў, перыяд маўчання гурта. 
 
Пачынаецца дыск з песні “Пава”, якая задае агульны настрой для ўспрымання кружэлкі. Ва ўсялякім выпадку вельмі хацелася, каб увесь дыск і быў такім жа бадзёрым, меладычным, а самае галоўнае — мілым… З большага так яно і ёсць, але некаторыя трэкі нават змрочнымі не назавеш, а яны неяк напружваюць… Асобна слухаеш — нармальна, у целе дыска — не ідуць. (“Чердак”, “Рай для фей”).

На гэтым дыску “Пани Хида” часта нагадвае расійскі гурт “Браво”. Прычым усім: аранжыроўкі, гармоніі, вакал… Хіба тэксты ў беларусаў відавочна мацнейшыя (“Слёзы”, “Буддэ Цыгеняске”).

Дарэчы, лірыка ў гурта сапраўды вартая ўвагі: гэта не проста набор асацыятыўных шэрагаў ды мудрагелістых словаў. Дзесьці “Пани Хида” проста распавядае нейкую гісторыю, як у тым жа “Буддэ Цыгеняске”, дзесьці з’яўляецца сарказм (“Стреляться”), а дзесьці і філасофскія ноткі (“Шива”).

Адзін з найяскравых трэкаў “The Bestолочь” — “Таниц”. Гэта менавіта тая “Пани Хида”, якую памятаюць сённяшнія 30-гадовыя аматары беларускага року. Крыху кантры, неверагодна пазітыўны настрой і несуцішнае жаданне ўскачыць ды танчыць. Слухаеш і ўзгадваеш складанку “Песнярок” ды “Рок-каранацыі” разам з ішымі “салянкамі” канца 1990-х.

Агулам дыск вельмі цікавы і варты ўвагі. Вось толькі ёсць пытанні да яго гучання. Усё ж адчуваецца, што пісаўся ён не на студыі, а ў хатніх умовах. Некаторыя трэкі тупа абразаюцца, не дайграўшы апошніх нот, увесь час чуваць нейкія лішнія шумы ды відавочнае перацісканне інструментаў, а калі прыслухоўвацца, то гучнасць голасу ды акампанементу можа змяняецца цягам адной песні…

Дарэчы, гэты альбом музыкі самі называюць своеасаблівым "pre", бо ўжо бліжэйшай восенню плануецца выхад яшчэ аднаго дыска, але ўжо цалкам з новай праграмай. І ў якасці “затравачкі” адзінаццатай, апошняй песняй дыску музыкі змясцілі трэк “Ветер” на словы журналіста Барыса Штэрна. Песня мусіць пазнаёміць слухача з “новай” “Пани Хидой”, “Пани Хидой” пасля сямі гадоў пошукаў, эксперыментаў і спробаў. Карацей, як кажуць самі музыкі: "Я верю в то, что толпы продюсеров ждут мои песни. Я верю в то, что в семьдесят лет можно прыгать в балете. Я верю в то, что за поворотом ждет меня чудо. Я верю в то, что идя в никуда и приду ниоткуда…” (Песня “Верю”). Чамусьці і нам верыцца! Чакаем восені і новага альбома. А пакуль моцная сямёрка.

Пани Хида - TheBestолочь (Вігма 2012)

01. Пава
02. Чердак
03. Верю
04. Стреляться
05. Шива
06. Слёзы
07. Таниц
08. Культурный отдых
09. Буддэ Цыгеняске
10. Рай для фей
11. Ветер

Музыка:
Есаул-Панкратаў (1-3, 5-11)
Чэчыкаў (4)

Словы:
Турок (1-3, 5-10)
Чэчыкаў (4)
Б.Штэрн (11)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі