Памерла пісьменніца Лідзія Арабей

Памерла беларуская пісьменніца Людзія Арабей. Яна была прадстаўніцай найстарэйшага пакалення беларускіх літаратараў — сёлета ў чэрвені ёй споўнілася б 90 гадоў. Пісьменніца пайшла з жыцця 20 лютага.

Цырымонія развітання з літаратаркай адбудзецца заўтра, 22 лютага, у 13.00 у Крэматорыі спецкамбіната КБА на Паўночных могілках Мінска (пасёлак Навінкі, Мінскі раён).

Лідзія Арабей нарадзілася 27 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і служачых.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Шчучыне Гродзенскай вобласці (1942-1944). Пасля вызвалення (1944) — супрацоўнік рэдакцыі шчучынскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. З 1945 года жыла ў Мінску. Працавала ў часопісе “Вожык”, у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, настаўнічала. У 1951 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1954 годзе — аспірантуру пры Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Была старшым рэдактарам выдавецтва “Беларусь” (1955-1967), літсупрацоўнікам часопіса “Полымя” (1967-1974). Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 года, паведамляе Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Літаратурную працу пачала ў 1945 годзе. Выступала як празаік, крытык, літаратуразнавец. У 1956 годзе выдала даследаванне “Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, у 1959 годзе — крытыка-біяграфічны нарыс “Хвядос Шынклер”. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Мера часу” (1962), “Экзамен” (1963), “Ларыса” (1964), “Ваўчкі” (1972), “Сярод ночы” (1968), “На другой зіме вайны” (1968), “Мне трэба ехаць” (1974), “Паласа дажджу” (1984), “Пошукі кахання” (1987), дакументальных аповесцей пра Цётку “На струнах буры” (1967) і “Стану песняй” (1977), раманаў “Іскры ў папялішчы” (1970) і “Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы” (1980), кнігі сатыры і гумару “Кватэра № З” (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей “Калібры” (1960), “Ісці ў разведку” (1989) і аповесць “Сіні бор” (1972). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі