Падчас перапісу трасянку прыраўнуюць да беларускай мовы

У якасці роднай мовы людзі называюць адразу рускую і беларускую, а шмат хто — трасянку. Самыя вясёлыя просяць запісаць у анкеты кітайскую
14 кастрычніка ў Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва. Даставаць жыхароў Беларусі пытаннямі накіраваліся 38 тысяч чалавек, 70% з якіх — студэнты. Пра тое, як прайшоў першы дзень перапісу, Еўрарадыё распытала Насцю — студэнтку факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ.



Насця — тыповая перапісчыца. Дзяўчына з чацвёртага курса, ды яшчэ і месца вучобы шчыльна звязанае са статыстыкай. 15 кастрычніка ў дзяўчыны крыху баліць горла, бо напярэдадні ў Мінску добра пахаладала. Але з большага Насці пашанцавала — ёй трапіўся ўчастак для перапісу, меншы за ўчасткі некаторых аднагрупнікаў.

Насця: “Участкі ва ўсіх няроўныя. У мяне, напрыклад, 110 кватэраў, а ў іншых бывае і па 250”.

Прыкладна палова людзей вырашыла прыйсці на стацыянарную пляцоўку. Рэакцыя астатніх на візіт перапісчыцы была рознай і не заўжды прыязнай.

Насця: “Адзін мужчына, да якога я нават памылкова патэлефанавала два разы, паслаў мяне падалей. Бабця адна таксама паслала амаль на… І былі яшчэ такія, хто, ледзь пачуўшы пра перапіс, сказалі: “Да пабачэння!”.

За першы дзень Насця паспела абыйсці 22 кватэры. Найперш яе ўразіла адсутнасць у апытаных вышэйшай адукацыі.

Насця: “Я з вышэйшай адукацыяй сутыкнулася толькі ў 2-3 кватэрах”.

А вось на пытанне пра родную мову шмат людзей адказвае так жа, як у першы дзень перапісу для тэлекамераў адказаў Аляксандр Лукашэнка:

Перапісчыца: “А на якой мове вы звычайна размаўляеце дома?”
Аляксандр Лукашэнка: “Па-рознаму. І па-беларуску, і па-руску. І на трасянцы таксама”.
Перапісчыца: “Тады я пазначу і тую, і гэтую”.

Шмат перапікаў, у тым ліку і Насця, ставяць у анкеце дзве птушачкі, таксама як і гераіня тэлесюжэта, якая хадзіла да прэзідэнта.

Насця: “Вельмі шмат, прыкладна палова кажа, што размаўляе на змяшанай мове, таму даводзіцца пазначаць у анкеце і рускую, і беларускую. Але, праўда, некаторыя кажуць мне кітайскую пісаць. І я пішу”.

Начальніца Ўпраўлення перапісу насельніцтва Святлана Навасёлава патлумачыла Еўрарадыё, што дзве птушачкі ў графе пра родную мову — ўсё ж такі зашмат.

Святлана Навасёлава: “Гэта памылка. У чалавека мусіць быць адна родная мова. Але мы так і будзем весці апрацоўку: гэта будзе адсотак насельніцтва, які ў якасці роднай мовы пазначыў і рускую, і беларускую, калі ўжо людзі на гэтым настойваюць”.

Адказ “трасянка”, на думку чыноўніцы, цалкам прымальны. Але кадыфікавацца “трасянка” будзе як беларуская мова.

Святлана Навасёлава: “Ёсць такі код у кадыфікатары — "трасянка". І мы так запісваем. А кадыфікаваць “трасянку” будзем як беларускую мову”.

Згадка пра кітайскую мову выклікала ў Святланы Навасёлавай абурэнне. Але што зробіш, жаданне чалавека — закон, і нават калі белы чалавек скажа запісаць яму нацыянальнасць “кітаец”, перапісчык мусіць зрабіць гэта.

Святлана Навасёлава: “Нацыянальнасць запісваецца паводле самавызначэння чалавека. Але ў нас ёсць і ідыёты, і псіхічна хворыя, і неўраўнаважаныя. Як з імі... Калі чалавек звонку не выглядае як кітаец, але кажа, што кітаец — нічога з ім не зробіш. Аднак перапісчык можа запытацца, чаму кітаец, і можа задаць дадатковыя пытанні”.

Дзве ці больш птушачак можна паставіць, напрыклад, у адказе на пытанне пра крыніцы прыбытку. Вядома ж, калі прыбытак дазваляе!

Здараюцца з перапісчыцамі і прыемныя знаёмствы. Напрыклад, на ўчастку адной са студэнтак БДУІР трапіліся хлопцы з Бахрэйну.

Студэнтка БДУІР: “Адразу, як я прыйшла да іх, мне прапанавалі гарбаткі. Адзін з іх быў у шорціках і з аголеным торсам, ён ўсё перапытваў, ці не саромеюся я яго. Пасля яшчэ прапанавалі гарбаты, хаця майму сябру, які прыходзіў да іх дагэтуль, але не размаўляе па-французску, нічога такога не прапаноўвалі”.

А дзеля таго, каб перапісаць арабаў, што жывуць побач і не гавораць нават па-ангельску, Камітэту па статыстыцы давядзецца шукаць перакладчыка. Увогуле ж, з 37 пытанняў, змешчаных у анкеце, да моўнага людзі падыходзяць найбольш творча.

Насця: “Шмат хто прапаноўвае запісаць мацерную, але я не пішу”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі