Озі Осбарн раскажа пра сваё жыццё

Хросны бацька хэві-металу Озі Осбарн (Ozzy Osbourne) збіраецца выдаць мемуары.  Аўтабіяграфія знакамітага музыкі, названая проста і без выкрутасаў «I Am Ozzy, The Autobiography», выйдзе ў выдавецтве Little Brown Book Group у кастрычніку гэтага года.

Не так даўно на пытанні пра магчымае напісанне аўтабіяграфіі Озі адказваў жартам, маўляў, «гэта была б самая кароткая кніга ў свеце: нарадзіўся, жыў і ўсё яшчэ жыве. Старонак пяць, не больш, бо ў памяці не засталося большай часткі з таго, што адбывалася ў жыцці». Аднак 60-гадовы рокер усё ж змяніў сваё рашэнне — хутчэй за ўсё, паддаўшыся на ўгаворы сваёй жонкі, вядомай бізнэсвумэн Шэран Осбарн.

Зараз былы вакаліст Black Sabbath сцвярджае, што кожны дзень яго жыцця быў сапраўднай падзеяй. Ён "рос у вельмі беднай сям'і і калі б не музыка, скончыў бы свае дні ў турме. Больш за трыццаць год сядзеў на дыеце з алкаголю і наркотыкаў. Выжыў у крушэнні самалёта, перажыў некалькі перадазіровак, быў абвінавачаны ў спробе забойства і ледзь не памёр, зваліўшыся з квадрацыкла. Людзі здзіўляюцца, як можна было выжыць, а адказу на гэтае пытанне няма».

Акрамя пералічанага, Озі абяцае апісаць у аўтабіяграфіі і больш «мірныя» эпізоды свайго жыцця, якія тычацца сям'і і яго пецярых дзяцей (нагадаем, што рокер быў жанаты двойчы).

Варта дадаць, што, апроч мемуараў, музыка рыхтуе матэрыял для свайго новага альбома, паслядоўніка «Black Rain» 2007-га года. Але на якім этапе знаходзіцца запіс альбома, пакуль невядома.

Фота: www.thehollywoodnews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі