OK Go паставілі чарговы рэкорд у сеціве

Аматары эфектных відэаролікаў OK Go папоўнілі сваю калекцыю яшчэ адным забаўным кліпам.  Прэзентаваны на мінулым тыдні ролік на песню «This Too Shall Pass» з новага альбома «Of the Blue Colour of the Sky» паставіў чарговы рэкорд у сеціве – за тры дні з моманту з'яўлення на YouTube з ім азнаёміліся больш за 3 мільёны карыстальнікаў.

Такі ажыятаж не дзіўны, бо відэа атрымалася вельмі відовішчным і захапляльным. Пабудаванае яно па прынцыпе «эфекту даміно» - калі адна дэталь канструкцыі выклікае пры ўзаемадзеянні з суседнімі ланцужную рэакцыю. У кліпе OK Go у якасці такіх элементаў выкарыстоўваюцца цацачныя машынкі, чайнічкі, шафы, гітары, піяніна і розныя мудрагелістыя механізмы (якія валяцца, разбіваюцца, сутыкаюцца адзін з адным і г.д.).

Ролік зняты адным планам і без мантажу. Для вытворчасці гэтага відэа спатрэбіўся вялікі ангар, тры месяцы падрыхтоўкі і 20 чалавек персаналу лос-анжэлескай студыі Synn Labs, якая займаецца распрацоўкамі ў вобласці тэхнічнага арт-дызайну.

Па словах басіста Ok Go Ціма Норвінда, на працягу двух здымачных дзён было зроблена 60 дубляў-прагонаў – з якіх толькі тры скончыліся паспяхова. «Было вельмі складана, - распавядае музыка. – Часам увесь працэс амаль даходзіў да канца, але ў фінале нейкія элементы не спрацоўвалі – і нам даводзілася будаваць і запускаць усё нанова. Гэта вельмі расчароўвала».

Нагадаем, што і папярэднікі «This Too Shall Pass» былі добра ацэненыя гледачамі і строгімі крытыкамі: тры папярэднія ролікі Ok Go – на песні «A Million Ways», «Do What You Want» і «WTF?» - сабралі больш 70 мільёнаў праглядаў на YouTube, а кліп «Here It Goes Again» прынёс камандзе прэмію «Грэмі» ў 2007-м годзе.

Фота: chicagomag.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі