N.R.M.: "Канцэртаў будзе досыць!" (фота+відэа)

Прыкладна год "ікона беларускага року" гурт N.R.M.  не даваў канцэртаў па ўласнай ініцыятыве. Але за гэты час "генералы" яўна не згубілі сваіх гледачоў — вялікі калядны канцэрт гурта, які музыканты прымеркавалі да 15-цігоддзя творчай дзейнасці, прайшоў пры поўным аншлаге. Пры гэтым за дзьвярыма канцэртнай залі "Мінск" засталося яшчэ шмат тых, хто не змог трапіць на імпрэзу — квіткі на акустыку N.R.M. скончыліся за некалькі тыдняў да канцэрту.


Піт Паўлаў:
"Мы год не ігралі ў Беларусі. Зараз жа будзем працаваць над тым, каб нашых канцэртаў было досыць! Столькі, колькі трэба! Мы імкнемся аднавіць нашу канцэртную дзейнасць на высокім ўзроўні, да якога мы, на мой погляд, ужо дараслі".

Пэўны перадкалядны настрой стваралі дэкарацыі на сцэне: белыя дрэвы, месяц, ліхтары і белыя крэслы для музыкантаў.

"Святочненька тут у нас" — адзначыў Лявон Вольскі, калі музыканты з'явіліся на сцэне.




Акустычная канцэрты N.R.M. — з'ява не новая, але любімая ці не ўсімі фанатамі гурта: больш спакойныя па сваіх аранжыроўках кампазіцыі, ціхая, інтымная, амаль хатняя атмасфера. Адзінае выключэнне каляднага канцэрту — цыдулкі, да якіх ужо даўно прызвычаіліся фанаты акустыкі ад N.R.M.,  гэтым разам замянілі на розыгрыш падарункаў і віншаванні ад спонсараў канцэрту і саміх музыкантаў.




Так па чарзе кожны "міністр" "Незалежнай Рэспублікі Мроя" выбіраў выпадковы нумар на схеме залі — тыя, каму пашанцавала апынуцца на шчаслівым месцы, атрымоўвалі падарункі ад кампаніі "Будзьма", рарытэтныя CD-складанкі "Бумеранг" і вінілавую плыту "Мроі" "28-ая зорка" 1989 года, а таксама шляпу, якую Лявон прывёз з вакацыяў у Чарнагорыі і шмат іншых прыемных сюрпрызаў.





Самі музыканты лічаць, што іх чаканні ад канцэрту пасля перапынку ў год нават болей чым спраўдзіліся:

Лявон Вольскі: "Па-першае, мы не чакалі такой жвавай рэакцыі публікі на акустычны канцэрт. А па-другое, мы тут пагарачыліся і пачалі рабіць новыя аранжаванні песень.І да канца не былі ўпэўненыя, што гэта атрымаецца, таму што на ўсіх апошніх рэпетыцыях ў нас былі нейкія "розначытанні" на гэты конт, але на канцэрце быццам бы ўсё склалася".


Да электрычнага канцэрту ў "Рэактары" гурт збіраецца падрыхтаваць некалькі новых песень. Еўрарадыё вырашыла даведацца, калі "генералы" думаюць замахнуцца на вялікую пляцоўку.

Лявон Вольскі:
"Трэба спачатку зграць у "Рэактары". Бо ў нашай беларускай рэчаіснасці сабраць 6 тысячаў Палаца спорту цяжка — гэта трэба падтрымка кліпаў, новы матэрыял.. Да таго ж, калі мы збярэм тысячу ў "Рэактары" — гэта будзе поўная заля, а тысяча ці нават дзве ў Палацы спорту — гэты фіаска". (смяецца)




Плён жа мінулай "акустыкі" у тым, што N.R.M. узгадалі сышоўшыя ў гістарычную спадчыну песні. Так, пасля "класічнай" першай часткі канцэрту, да прыкладу, прагучала песня "2000 год" з супольнага музычнага праекту "Святы вечар" , якую калісьці Лявон выконваў разам з Веранікай Кругловай. Зараз, з новымі аранжыроўкамі, аздобленымі суровым мужчынскім вакалам, незаслужана забытая песня гучыць значна больш удала, чым тагачасная, і "мроеўцы" вырашылі адрадзіць яе выкананне ў сваёй праграме. Далей прагучала некалькі песень з праектаў "Народны альбом" і "Я нарадзіўся тут".

"Аднайменная "Я нарадзіўся тут" заўжды вельмі прыкольна гучыць на канцэртах дзе-небудзь у Каліфорніі, напрыклад" — пажартаваў Лявон Вольскі.

Дарэчы, для сяброў са Злучаных Штатаў музыканты падрыхтавалі інтэрактыўны падарунак: падчас канцэрту Лявон патэлефанаваў свайму сябру ў Каліфорнію і павіншаваў яго з надыходзячымі святамі песняй "Лёгкія-лёгкія". У адказ беларускія гледачы атрымалі ўзаемныя віншаванні з-за акіяну па громкай сувязі мабільнага тэлефона.


На гэтым сюрпрызы не скончыліся — музыканты так захапіліся падборкай новых аранжыровак да гэтага канцэрту, што стварылі беларуску версію песні "One horse open sleigh", больш вядомую як "Jingle Bells". Адмыслова для гэтай песні Піт Паўлаў прынёс беларускія званочкі -"бразготкі".



Піт Паўлаў: "Канцэрт класны, мне вельмі спадабалася! Па-першае, на 100% атрымаліся ўсе нашыя хітрыкі, якія мы запланавалі: у залі панавала шалёная энэргетыка, прыйшла наша каханая публіка. Мы атрымалі самыя прыемныя святочныя ўражанні і гэта добра, што мы ўваходзім у свята з такім канцэртам".

Настальгіі і прыемных успамінаў дадалося, калі Лявон перасеў за чорны раяль, які стаяў за дэкарацыямі, і сыграў на ім некалькі песень: "Зямля", "Краіна крывавых дажджоў", чуллівы "Халодны блюз".






Нягледзячы на заяўленую акустыку, некалькі песень Піт Паўлаў ўсё ж такі сыграў на сваёй вядомай электрагітары Gibson Flying V. У тым ліку легендарную песню "Халодны блюз", якая заўсёды гралася акустычна. Як высветлілася, незадоўга да канцэрту Піт Паўлаў аднавіў увесь "парк" сваіх гітараў — набыў не толькі новую электрычную, але і акустычную гітару, а таксама ўзмацняльнік. Усю гэтую "убойную" камбінацыю фанаты N.R.M. змаглі пачуць на калядным канцэрце, а Піт узгадаў, што першы і апошні раз сваё сола на электрагітары ў "Халодным блюзе" ён выконваў яшчэ ў часы "Мроі".




"Гэта выклікала здзіўленне нават маіх калегаў" — смяецца Піт. — "Бо рэпетавалі мы гэту песню выключна на акустыке. Насамрэч, я не думаю, што гэта неяк моцна паўплывала на песню. Вось захацеў і сыграў "Блюз" на электрычнай гітары, у нас жа ў гурце няма абмежаванняў! У "Рэактары" я збіраюся ўвесь канцэрт граць з гэтай гітарай і гэтым узмацняльнікам, сёння была так званая прэм'ера".



Што ж, чакаць засталося зусім не шмат — ужо 10 лютага клуб "Рэактар" ператворыцца ў адзін суцэльны танцпляц. Да канцэрту N.R.M. рыхтуюць электрычную праграму і прэм'еры новых песень. Каб зноўку не аказацца па іншы бок ад імпрэзы, арганізатары раяць фанатам паклапаціцца пра квіткі загадзя. Тым больш, што гурт працягвае дарыць сваім прыхільнікам падарункі ў выглядзе прыемных зніжак:
Да 31 снежня 2009 года — 30000 рублёў.
З 1-га па 15-е студзеня 2010 года — 35000 рублёў.
З 16-га па 31-е студзеня — 40000 рублёў.
З 1-га па 9-е лютага — 45000 рублей.
У дзень канцэрту — 50000 рублёў.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі