Новы раман Ніка Кейва прызнаны асэксуальным

Новы раман Ніка Кейва (Nick Cave) “The Death Of Bunny Munro” патрапіў у спіс прэтэндэнтаў на атрыманне прэміі Bad Sex In Fiction Award. Штогод гэтай прэміяй адзначаюцца літаратурныя працы з найбольш “грубым, павярхоўным і безгустоўным” апісаннем сексуальных сцэн.

Герой новай кнігі Кейва Бані Мунро – безнадзейны бабнік, які вандруе па Вялікабрытаніі ў якасці коміваяжора і чапляе кожную спадніцу, якая сустракаецца на ягоным шляху. (У апраўданне Кейва можна сказаць, што калі б ён дэталёва прапрацоўваў кожную “ложкавую” сцэну, кніга разраслася б да неверагодных памераў і страціла б сэнс).

Разам з “The Death Of Bunny Munro”, у шорт-ліст Bad Sex In Fiction патрапілі новая праца лаўрэата Букераўскай прэміі Джона Банвіля “The Infinities”, навела ізраільскага пісьменніка Амаса Оза “Rhyming Life And Death” і раман “The Humbling” знакамітага амерыканскага пісьменніка Філіпа Рота.

Абвяшчэнне імя “пераможцы” адбудзецца 30 лістапада ў Лондане.

Нагадаем, прэмія Bad Sex In Fiction Award заснаваная вядомым брытанскім выданнем “Literary Review”. Сёлета ўзнагароджанне будзе праводзіцца ў 16-ы раз.

Фота: www.xyligan.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі