Noize MC застаецца за кратамі

Суд Цэнтральнага раёна Валгаграда 3 жніўня вырашыў пакінуць у сіле пастанову міравога суддзі аб адміністрацыйным арышце рэпера Noize MC, паведамляе “Интерфакс”. Музыка, сапраўднае імя якога Іван Аляксееў, быў затрыманы 31 ліпеня пасля выступу на фэсце “Урбанія”. Падчас канцэрта бубнач суправаджаючага рэпера гурта выйшаў да публікі з бейсболкай, у якую можна было кідаць дробязь. Гэта стала добрай традыцыяй выступаў Noize MC. Аднак валгаградскай міліцыі такія паводзіны падаліся вымагальніцтвам, таму людзі ў форме перарвалі нумар. Пазней рэпер у імправізаванай чытанцы дастаткова рэзка выказаўся наконт дзеянняў міліцыі, у выніку чаго 2 жніўня яго прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 20 Кодэкса РФ аб адміністратыўных правапарушэннях і прысудзілі да 10 сутак арышту.

Адвакат Аляксеева спрабаваў схіліць суд да разгляду некаторых важных абставін, сярод якіх раскаянне музыкі і нараджэнне ў яго дзіцяці 29 ліпеня.

Тым не менш суд не задаволіў скаргу адваката, і Noize MC застаецца за кратамі. Адзначым, што на старонцы выканаўцы ідзе збор подпісаў за вызваленне Аляксеева.

Фота: liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі