Ногу свело!" выступяць у Мінску пасля двухгадовага перапынку

Па словах арганізатара мерапрыемства Змітра Саладухі, асноўная прычына такога выбару ў тым, што гэты калектыў натуральна з'яўляецца яскравым прадстаўніком сапраўднага року.

Зміцер Саладуха: "Прыкладна 20 гадоў таму ў Расіі "Ногу свело!", можна сказаць, былі самай рок-н-рольнай камандай цягам года, ці года з паловай. Потым яны кудысьці дрэйфавалі ў сваіх стылях, але гэта выразнае ўвасабленне рок-н-ролу. Ну, і ў нас на папярэдніх "БульФэстах" былі два госці з Украіны, і мы вырашылі, што пакуль хопіць, трэба паглядзець што робіцца і ў Расіі".

Падчас канцэрта наведвальнікаў чакаюць невялічкія, прыемныя сюрпрызы, але называць іх Зміцер адмовіўся. Маўляў, на тое яны і неспадзяванкі.

Зміцер Саладуха: "Самы істотны сюрпрыз, думаю, — тое, што будзе выбітны расійскі гурт. Дарэчы, яны даволі пафасныя, мы зараз з імі вядзем перамовы, і ў іх усё вельмі па-даросламу. На перамовы з імі па ўладкаванні, па ўдакладненні іх райдэру у нас уходзіць практычна ўвесь працоўны час".

Нагадаем, што ўсе "БульФэсты" здымаюцца на камеру і потым з'яўляюцца ў якасці канцэртнага відэа ў праграме "Бульбокс" на "8 канале". Асноўныя праблемы, якія ўзнікаюць у арганізатараў мерапрыемства 25-га лютага, звязаныя менавіта з патрабаваннямі гурта да здымак, мантажу, запісу гука падчас канцэрта.

Зміцер Саладуха: "Нават у якім фармаце гэта мусіць здымацца, якое разрашэнне, якія камеры. А потым яны дазваляюць даць у эфір, калі іх задаволіць якасць, толькі тры нумары. Гэтыя тры нумары яны будуць адбіраць з таго, што мы ім пакажам".

А выбіраць будзе з чаго, бо па словах дырэктара гурта Сяргея Раскіна, "Ногу свело!" адыграюць у Мінску больш чым гадзінны канцэрт, які будзе складацца выключна з хітоў.

Сяргей Раскін: "Улічваючы, што мы ў вас рэдка бываем, зробім праграму з усяго самага лепшага, і новага, і старога. Публіка нас даўно не чула і жадае пачуць тое, што яна добра ведае. То бок мы будзем рабіць праграму з таго, па чым людзі засумавалі, плюс новыя песні, якія людзі ўвогуле не чулі – з апошніх альбомаў. Мы ў вас даўно не выступалі, таму для Мінска праграма будзе новая".

Што ж тычыцца іншых, беларускіх выступоўцаў, то пакуль арганізатары прымаюць заяўкі ад гуртоў. Пасля 10-га лютага на сайце тэлепраекта "Бульбокс" патэнцыйныя наведвальнікі абяруць калектыў, які жадаюць убачыць на разагрэве ў "Ногу Свело!". Яшчэ адных выступоўцаў абяруць самі арганізатары, але Зміцер прызнаўся, што на гэты момант ніякіх фаварытаў у іх няма.

Зміцер Саладуха: "Калі шчыра, яшчэ не высветлена, хто першы будзе абіраць: ці мы, ці глядач. Мы пакуль што не спяшаемся з гэтым і спадзяемся, што для нас гэта таксама можа быць прыемным сюрпрызам. Можа хтосьці такі дашле заяўку, каго мы, па-першае, не вельмі добра ведаем, а па-другое, ён вельмі добра змантуецца ў гэтым канцэрце з астатнімі выступоўцамі".

Нагадаем, што апошні канцэрт "Ногу Свело!" ў Мінску адбыўся ў лістападзе 2008 года. Больш чым за 20 гадоў існавання гурт запісаў 10 альбомаў, 5 разоў быў прызнаны лепшым альтэрнатыўным гуртом у Расіі і 1 раз у Францыі, пісаў музыку да фільмаў, у тым ліку песню "Идём на восток!" для стужкі "Турецкий гамбит", якая была прызнаная лепшым саўндтрэкам 2006 года.

Канцэрт адбудзецца 25 лютага ў клубе "Рэактар" (вул. Веры Харужай, 29), пачатак у 19:00.

Квіткі: 30 000 (колькасць абмежаваная і толькі праз сайт bulbox.tv), 50 000 (танцпол), 70 000 (столікі, першы паверх), 100 000 (столікі, другі паверх), а набыць іх можна, апроч звычайных гарадскіх кропак, на сайте bilet.tut.by.

Даведкі па тэлефонах: +375 17 2942075, +375 44 7942175, +375 29 7605962.

Фота: photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі