Ніно Катамадзэ сыграла свой першы канцэрт у Беларусі

Вядомая грузінская джазавая спявачка Ніно Катамадзэ вывучыла нашу мову адмыслова для свайго першага канцэрту ў Беларусі.
Ужо некалькі разоў арганізатары спрабавалі прывезьці Ніно Катамадзэ ў Беларусь, але толькі сёлета атрымалася арганізаваць канцэрт вядомай грузінскай спявачкі.



Ніно чакаў, здаецца, ўвесь горад. Квіткі ў дзень канцэрту набыць было немагчыма. Некаторыя з меламанаў і тусоўшчыкаў ведаюць Ніно Катамадзэ па джазавых фестывалях, што адбываюцца ў суседніх краінах, але шмат для каго канцэрт стаў адкрыцццём. Людзі дзяліліся паміж сабой пасля канцэрту, што ўяўлялі сабе Ніно Катамадзэ строгай джазавай зоркай-дзівай, але пабачылі шчырую, адкрытую і поўную любові да людзей жанчыну. Эксклюзіўнае нтэрвію з Ніно чытайце тут.



Ніно Катамадзэ вельмі сур'ёзна ставіцца да шанавання традыцый, каранёў, мовы чалавека, таму, выключна для канцэрту ў Мінску, спявачка вывучыла некалькі словаў на нашай роднай мове. "Я вас кахаю! Шчыры вам дзякуй!" - аддзячыла Ніно беларусаў і прабачылася, што не можа размаўляць на беларускай мове больш, таму будзе казаць мовай музыкі і сэрца.







Беларускія слухачы дзякавалі Ніно Катамадзэ шчырай радассцю, кветкамі, воплескамі сустракалі імправізацыі музыкаў, падымаліся, калі Ніно выходзіла ў залу, нават, пелі разам з ёй!



Калі Ніно клала кветкі на сцэну  і мусіла кінуць іх часова ў самоце, то прасіла прабачэння, нібыта гэта жывыя істоты, уключаныя ў варажбу музыкай і голасам.



Ніно Катамадзэ стала вядомай пасля першага ж свайго альбому "Ordinary Day" ("Звычайны дзень"), хітом якога стала песня "Olei". Калі студыйная Ніно гэта мяккая, пяшчотная,  поўная любві і спачування жанчына, то на канцэрце яна ператвараецца ў харызматычную, гатовую да яскравага жыцця, радасную, як дзіценак, настойлівую і адначасова родную і блізкую рок-каралеву! Як старэйшая сястра, на якую хочацца быць падобнай.



Нават Давід, бубнач гурта "Insight", не вытрымлівае такога напору! Таму ён спачатку выпівае крышачку, а потым выдае крутое барабаннае сола ці нечаканы грузінскі напеў, якім перакрыквае ўвесь гурт і Ніно Катамадзэ. Гурт заводзіцца і ў адказ выдае джаз-рокавыя і джаз-фанкавыя імправізацыі. Нечаканы фармат для тых, хто ніколі не чуў Ніно Катамадзэ і "Insight" жыўцом.



Калі загучала песня "Olei", Ніно выйшла да людзей. Глядзела ім ў вочы, абдымала, цалавала, прысажвалася побач, спявала для кожнага асасбіста. Да адной бабулі спявачка падайшла з пытаннем, маўляў, а ці можна я вас абдыму, я так сумую па маме.



Кранальны голас і шчырыя пачуцці, на якія Ніно здольная , выбівалі слязу нават у мужчын.









Ніно запрасіла людзей заспяваць з ёй разам. Спачатку людзі саромеліся, але пакрысе Палац Рэспублікі ўголас спяваў з Ніно, што выглядала дзіўна ў гэтай залі! Ды і ўвогуле, бачыць вялізную колькасць беларусаў, якія ў панядзелак ўвечары сядзяць і ўсе разам, агульным хорам спяваюць"пара-па-ра -путэй..." - гэта сакральнае відовішча!









 Сярод слухачоў найшлася нават адважная дзяўчына, якая праспявала замест лепшага голасу Грузіі амаль што ўсю песню! Мы прапануем вашай увазе кавалачак гуказапісу.




І развітацца з Ніно Катамадзэ ў гэты вечар было вельмі цяжка, таму артысты некалькі разоў выходзілі на "біс".









Тое, што маленькая жанчына зрабіла з аграмадным Палацам Рэспублікі - неверагодна. Беларусы, дарослыя і маленькія, падлеткі і бабулі ўсе разам, седзячы ў канцэртнай залі, проста спявалі песні. Спявалі так, нібыта прыйшлі да Ніно ў госці. Разняволена і свабодна. Шчасліва!






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі