Ніка Кэйва абвінавачваюць у плагіяце (Відэа)

Шатландскі музыка Фрэнкі Дафі (Frankie Duffy) абвінавачвае Ніка Кэйва (Nick Cave) ў плагіяце.
Ён сцвярджае, што трэк «Palaces Of Montezuma» з новага альбома Grinderman гучыць як песня «Grey Man», якую ён запісаў са сваім гуртом Rising Signs яшчэ ў 2005 годзе. Песня ўвесь гэты час была ў вольным доступе на MySpace-старонцы Дафі. Музыка лічыць, што Кэйв мог выпадкова натыкнуцца на трэк у пошуках натхнення для сваіх новых песень.

«Гэтыя трэкі вельмі падобныя, - кажа Дафі. - Магу выказаць здагадку, што Нік Кэйв сядзеў у сябе дома і шукаў у інтэрнэце якія-небудзь гурты без кантракту - зайшоў на нашу старонку, прачытаў, што Rising Signs распаліся, і падумаў «Вазьму-ка я гэты трэк - усё адно ніхто не даведаецца, адкуль ён».

Зараз музыка думае пра падачу іска ў суд. «Зразумела, што гэта можа быць дзіўным супадзеннем, але ў той жа час відавочна, што гэтыя дзве песні гучаць аднолькава, - разважае Дафі. – Мне цікава будзе пачуць меркаванне экспертаў. Я павінен падаць судовы іск, каб высветліць, правы я ці не».

Сам Нік Кэйв аспрэчвае ўсе абвінавачванні. На нядаўнім канцэрце Grinderman у Лондане перад выкананнем «Palaces Of Montezuma» ён заявіў гледачам: «На мяне падаў у суд 17-гадовы хлопец з Дандзі. Ён лічыць, што сам напісаў гэтую песню. На самой жа справе я склаў яе для сваёй жонкі», - паказаўшы пры гэтым на клавішніка гурта Джыма Склавунаса.





Фота: theage.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі