Настаўнікам дадаюць дзве гадзіны працы на тыдзень

“Пакуль медыкі і настаўнікі не пачнуць самі сябе аптымізаваць, ніякіх высокіх заробкаў не можа быць. Мы ж дамовіліся з педагогамі: 18 гадзінаў на тыдзень стаўка. Ну а калі падцягнуцца і зрабіць 20, ну зрабіце крок насустрач”, — казаў Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні да народа.

Праз тры месяцы Міністэрства адукацыі адрэагавала. Як стала вядома Еўрарадыё, стаўка будзе 20 гадзінаў на тыдзень. Гэта пацвярджаюць у Мінадукацыі:

“З 18 да 20 гадзінаў. Мяркую, напрыканцы гэтага тыдня ці ў пачатку наступнага будуць гатовыя дакументы”.

Атрымліваецца, настаўнік мусіў адпрацаваць 18 гадзінаў на тыдзень, каб атрымаць увесь заробак — стаўку. А цяпер трэба працаваць больш.

А пра падвышэнне заробкаў ніхто не кажа, — адразу гаворыць настаўніца гісторыі Марыя з Мінску.

“Каб я болей працавала і атрымоўвала столькі ж. Заробак не павялічваецца, толькі павялічваецца праца. А калі не буду забіраць гэтыя гадзіны, плаціць будуць меней. Зараз у мяне заробак 2,8 мільёна рублёў”, — тлумачыць настаўніца.

У раёнах і мястэчках яшчэ горш: дзяцей не хапае, а стаўку павышаюць. Цяпер настаўнікі будуць біцца за гадзіны, каб іх хапіла на заробак.

“У нас, каб набраўся клас, будуць класы аб’ядноўваць, бо трэба, каб было 20 чалавек. І настаўнікі будуць дзяліць гадзіны. А калі школа малакамплектаваная, напрыклад, два педагогі і паміж імі трэба будзе дзяліць гадзіны. А стаўкі не хопіць…”, — кажа настаўніца з Віцебскай вобласці.

І дадае, што цяпер давядзецца выдумваць дадатковыя ўрокі:

“Прыйдзецца ствараць нейкія гурткі ці факультатывы, каб дабраць гэтыя гадзіны. А заробак наўрад ці ўздымуць…”

У адміністрацыі сталічнай школы заробак настаўнікаў лічаць дастатковым.

“Па лістках педагогаў я не скажу, што гэта самы нізкі заробак. Добры заробак!” — упэўніваюць Еўрарадыё ў школе.

Паводле Белстату, сярэдні заробак настаўнікаў за травень складае 3 мільёны 486 тысяч рублёў. Для параўнання: сярэдні заробак па Мінску за травень — больш за 6 мільёнаў рублёў.

Маладыя настаўнікі пасля размеркавання бягуць са школы

Фота: uch.org.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі