Надвор’е ў Беларусі зноў б’е тэмпературныя рэкорды

Новыя тэмпературныя рэкорды былі зарэгістраваны ўдзень 16 чэрвеня ў Мінску і трох абласных цэнтрах.
Як паведамілі ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры, у сталіцы слупок тэрмометра падняўся да адзнакі плюс 31,6 градуса, а на метэастанцыі Калодзішчы пад Мінскам — да 32,2.

Папярэдне абсалютны максімум гэтага дня складаў для сталіцы 29,8 градуса і быў зафіксаваны ў 1968 годзе.

Цяперашні рэкорд ёсць паўтарэннем абсалютнага максімуму першых 19 дзён чэрвеня за ўвесь перыяд метэаназіранняў. Да 31,6 градуса тэмпература павышалася 9 чэрвеня 1999 года.

Абсалютны максімум чэрвеня — плюс 32,5 (23 чэрвеня 1964 года). У Гомелі новы рэкорд для 16 чэрвеня складае цяпер +33 (раней — 30,6 у 1954 годзе), у Гродне — +31,4 (30,3 у 1968 годзе), у Брэсце — +31,3 (30,3 у 1968 годзе).

У Магілёве да паўтарэння рэкорду (30,7 у 1964 годзе) не хапіла 0,4 градуса. У Віцебску да рэкорду было далёка — +24 пры максімуме 29,8 (у 1939 годзе).

Цяплей за іншыя гарады ў суботу было ў Стоўбцах (Мінская вобласць) — +33,3, халадней — у Езярышчы (Віцебская вобласць), дзе слупок тэрмометра не падняўся вышэй за +16,7.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі