На рынак варта паспець да 1 красавіка

Нельга сказаць, што такія тавары, як парфума, шубы, дублёнкі, маразільнікі, лядоўні, пральныя машыны ды камп’ютары з’яўляюцца таварамі штодзённага попыту. Толькі і без іх сённяшняе жыццё не ўяўляецца. Але калі патэнцыйны пакупнік адкладаў набыццё чагосьці з вышэйпералічанага да 1 красавіка, то ўжо ў панядзелак яго можа чакаць расчараванне. Па прагнозах, кошты на гэтыя тавары значна павялічацца. Справа ў тым,
што ў адпаведнасці з новым законам прадпрымальнікам, якія гандлююць
таварамі замежнай вытворчасці, для працягу працы неабходна мець
спецыяльную ліцэнзію на знешнеэканамічную дзейнасць.

А для таго каб яе
атрымаць, неабходна выканаць шэраг абавязковых умоў. Сярод галоўных —
наяўнасць наўпроставых кантрактных зносін з вытворцам. Гэта значыць,
прадпрымальніку неабходна мець валютны рахунак і ўсе аперацыі
праводзіць па безнаяўным разліку.

Акрамя таго, тым, хто гандлюе
парфумай, давядзецца мяняць невялічкія шапікі альбо боксы ў гандлёвых
цэнтрах на спецыялізаваныя крамы, плошчай не менш за 50 квадратных
метраў.

Шмат хто з гандляроў не вытрымае такога ўдару і зачыніцца альбо зменіць
профіль і кірунак працы. Як, да прыкладу, прадпрымальнік Валянціна, што
гандлюе парфумай у гандлёвым цэнтры “Імпульс”.


Валянціна
: “Мы падаем дакументы ў падатковую на рэшту тавару, прадаем
яго — і ўсё, больш працаваць не будзем. І далей вырашылі браць іншы
тавар. Зараз будуць толькі дзяржаўныя крамы. Ці будзе гэта на карысць
пакупнікам?

У нас ёсць ліцэнзійная парфума, арыгінал. Набыць яе нават
па сённяшніх коштах сабе дазволіць можа не кожны. Асабіста я ў краму
дакладна не пайду. Для мяне гэта будзе занадта дорага. Шмат хто
пазбавіцца працоўнага месца.

Калі гандлёвая кропка зачыняецца, чалавек
вымушаны ісці на вуліцу. Я лічу, што гэта не правільна”.

Падаражэюць і камп’ютары з ноўтбукамі. Па папярэдніх падліках, кошты на
іх падскочаць на 25-30 адсоткаў. Праўда, не ва ўсіх. Аляксей Макарэвіч,
супрацоўнік крамы “Сітылайн” сцвярджае, што іх фірма гатовая пайсці на
пэўныя страты прыбытку, каб толькі не згубіць пакупнікоў.


Аляксей Макарэвіч
: “Мы пойдзем насустрэч нашаму пакупніку, пастаяннаму
альбо будучаму, і кошты падымуцца не вельмі на шмат. Не больш, чым на
4-5 адсоткаў.

Няхай сабе, мы будзем менш зарабляць, але кошты трымаць
будзем. Наколькі я ведаю, некаторыя прадпрымальнікі вымушаныя будуць
кошты падымаць значна, бо выжываць жа нейкім чынам неабходна.

Але
канкрэтна мы моцна павялічваць кошты не будзем, проста нацэнка будзе
меншай”.

У адрозненне ад гандлёвых кропак індывідуальных прадпрымальнікаў
падаражання тавараў у буйных крамах не чакаецца.

У першую чаргу гэта
тычыцца тых, хто ўжо працуе наўпрост з вытворцамі, купляе ў іх тавар па
безнаяўным разліку і мае вялікія гандлёвыя плошчы. Такіх, да прыкладу,
як менская крама парфуму “Звезда”. Гэта пацвердзіла яе дырэктар Алена
Калеснічэнка.


Алена Калеснічэнка
: “Кошты ніякім чынам не зменяцца, калі заканадаўцы
не прыдумаюць нешта новае. Прынамсі, для тых фірмаў, якія працуюць
легальна. Калі камусьці на дробных кропках на рынку давядзецца неяк
выкручвацца, каб штосьці дзесьці здабыць – то ў іх кошты можа і
вырастуць.

З 1 лютага паднялі падатак з продажу, і гэта закранула ўсе
імпартныя тавары. У нас, як і ва ўсіх астатніх, кошты выраслі на 10
адсоткаў. Але зараз ніякіх зменаў у коштах не будзе”.

Новы закон павінен, нібыта, зменшыць колькасць фальсіфікату і падробак
на беларускім рынку спажывецкіх тавараў. Аднак Аляксей Макарэвіч
сцвярджае, што на рынку камп’ютараў падробак і так няма. Ёсць
апаратура, прывезеная нелегальна.

У гэтым выпадку пакупнікі губляюць
толькі на сэрвісным абслугоўванні. Валянціна, што гандлюе парфумай на
рынку, запэўнівае — ёй гандляваць дрэнным таварам будзе сабе даражэй:
пакупнік другі раз да яе не прыйдзе. А вось Алена Калеснічэнка кажа,
што фальсіфікату ў Беларусі шмат і новы закон дапаможа гэта пытанне
ўрэгуляваць.


Алена Калеснічэнка
: “Я часта наведваю такія цэнтры, як “Паркінг”,
“Еўропа”. Там пытаюся: дзе вы бераце тавар, з Расеі везяце? Не, кажуць,
у “Звезде”. А мы афіцыйна нікому тавар не пастаўляем, нам вытворца не
дае права дыстрыб’юцыі. Пытаюся, адкуль яны яго бяруць? І такіх
гандлёвых кропак вельмі шмат”.

На думку ж віцэ-прэзідэнта Беларускага саюзу прадпрымальнікаў
Аляксандра Патупы, гэта не проста барацьба з фальсіфікатам і падробкамі.


Аляксандр Патупа
: “Гэта ёсць нейкі працэс алігархізацыі краіны, у якой
самыя цікавыя сегменты рынку бяруцца найбольш буйнымі гандлёвымі
структурамі, групоўкамі бізнесменаў і дзяржаўных службовых асобаў.

Мы
думаем, што не патрэбна гэтае марадзёрства для ІП. Патрэбна глыбокая
дыскусія пра перспектывы мікра-бізнэсу ўвогуле. Не патрэбны пункт 1.1
загаду 760, які можа ўвогуле іх знішчыць. Мы маем на гэты конт свае
патрабаванні, прытрымліваемся іх і будзем працягваць барацьбу”.

Фота - photo.bymedia.net