На Гродзеншчыне прымаюць радыёактыўныя грыбы

Праверка грыбоў на радыяцыю праводзіцца не па ўсёй Беларусі. Гэта стала вядомым пасля абзвону нарыхтоўчых пунктаў, які правяло Еўрарадыё. Высвятлілася таксама, што пункт набывае лісічкі ў насельніцтва па 4 тысячы за кілаграм, а “Камароўка” гандлюе па 12-13 тысяч.
У адным з нарыхтоўчых пунктаў горада Дзятлава Гродзенскай вобласці грыбы прымаюцца без радыёлагічнай экспертызы, пра што Еўрарадыё даведалася ад супрацоўніцы гэтага пункта.

Такі факт яна патлумачыла тым, што грыбоў у Дзятлаве здаюць няшмат.

Супрацоўніца: Грыбы не правяраюцца. Але ў нас іх амаль не здаюць.

Стандартныя патрабаванні да выгляду грыбоў пункт выконвае. Яны сочаць за тым, каб ножка была чыстая, карэньчыкі адрэзаныя, а памер – невялікі.

Супрацоўніца: Трэба, каб ножка была чыстая, карэньчыкі адрэзаныя. Грыбы павінны быць невялікія: ножка не болей за тры сантыметра ў дыяметры, шляпка – не болей за чатыры.

Трэба адзначыць, што ў Беларусі з усіх грыбоў прымаюць толькі лісічкі. Аб гэтым Еўрарадыё паведамілі ў саміх пунктах і Міністэрстве аховы здароўя. Калі вы назбіралі для сябе ў лесе зашмат лісічак, можаце аднесці іх у нарыхтоўчы пункт і атрымаць за гэта грошы. У сярэднім – 4 тысячы за кілаграм. Але з усіх бакоў атрымліваецца, што лепей здаваць іх у тым жа Дзятлаве, дзе за кілаграм грыбоў прапаноўваюць 6 тысяч.

У іншых пунктах грыбы прымаюцца толькі с пасведчаннем ад радыёлагаў. Такое пасведчанне можна атрымаць, напрыклад, у лабараторыі ветсанэкспертызы №4 Камароўскага рынку. Узровень радыяцыі ў прадукцыі строга рэгламентаваны: 370 бэкерэль на кілаграм. Пра гэта кажа загадчыца лабараторыі Наталля Белая.

Наталля Белая: Ёсць рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыёнуклідаў цэзія 137 і стронцыя 90 у прадуктах харчавання. Для свежых грыбоў ён не павінен перавышаць 370 бэкерэль на кілаграм. У ліпені забруджаных грыбоў выяўлена не было.

Забруджаныя грыбы вам не вернуць – яны падлягаюць знішчэнню, але, паводле слоў Наталлі Белай, у ліпені не было такіх прэцэдэнтаў.

Здаць правераныя лісічкі на Камароўку для рэалізацыі ў вас не атрымаецца. Там іх можна толькі набыць, але ўжо па 12-13 тысяч беларускіх рублёў за кілаграм.

Фота – Максім Капранаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі