На Беларусь пральецца "нафтавы" дождж

Нафтавыя планы Беларусі на 2011 год выглядаюць досыць заблытанымі. Напярэдадні была агучаная інфармацыя наконт меркаваных паставак з Расіі амаль 22 млн тон нафты. Новы "струмень" унёс амбасадар Венесуэлы ў Беларусі Амерыка Дыяс Нуньес. Як ён заявіў сёння на відэабрыфінгу ў Мінску, падпісаная яго краінай з Беларуссю дамова прадугледжвае дапаўненне паставак лёгкай нафты маркі "Санта-Барбара" прымальнай паводле якасці азербайджанскай нафтай.

"Для паставак у Беларусь заяўленых аб'ёмаў нафты кампанія PDVSA дадаткова закупіць у Азербайджана неабходную колькасць нафты, каб забяспечыць выкананне кантракта на пастаўку да 10 млн тон нафты за год", — цытуе БЕЛТА Нуньеса.

Беларусь атрымае гэтую нафту па нафтаправодзе "Адэса-Броды", прычым аплачваючы Азербайджану толькі дастаўку па трубе. "Як вы бачыце, гэта супрацоўніцтва выгаднае абодвум бакам і, у асаблівасці, Беларусі", — мяркуе амбасадар.

Як Беларусь распарадзіцца такім багаццем, не надта зразумела, улічваючы, што магутнасці айчынных НПЗ дазваляюць перапрацаваць не больш як 22 млн тон вуглевадароднай сыравіны за год.