Музыка будучага для 20 чалавек

У кафэ Chill Out 19 снежня збіралі толькі сяброў — вечарына, прысвечаная выхаду новага альбома Віталя Гармаша (I/DEX) была заяўленая ў фармаце “frends only”. Фрэндаў назбіралася не больш за 20 чалавек, што выглядала крыху дзіўна на фоне якаснай і рэдкай для беларускіх вечарын музыкі.
Магчыма, прычына як раз была ў гэтай якаснай музыцы — у большасці сваёй, яна без бітаў — гэта эмбіэнт ці глітч, пад які складана таньчыць (калі ўвогуле трэба). З усіх дыджэяў і музыкаў, якія гралі на вечарыне, толькі Uncou заўважна “растаньчыў” публіку. А да гэтага сам I/DEX і госць з Расіі Riverz End калыхалі наведвальнікаў сваім спакойным саўндам.





А магчыма снег, ці квіткі па 35 тысяч, ці дзень нараджэння Electrokids у клубе Fabrique — не хочацца варажыць. Можаце напісаць у каментах, чаму вы не прыйшлі.

Адзінае, Еўрарадыё пацікавілася, што думае на гэты конт арганізатар Віктар Орб, які даволі часта трапляе ў падобныя сітуацыі з вечарынамі, арганізаванымі праз яго Foundamental Network:



“У Беларусі яшчэ не навучыліся цаніць і слухаць сваіх выканаўцаў, — сказаў Віктар. — Гэта вельмі сумна, бо тое, што вы чуеце на гэтай вечарыне — даволі прагрэсіўная музыка, якая апераджае сваю краіну на некалькі гадоў. На мой погляд, выхад альбома нашага музыкі — гэта падзея, а тым больш выхад якаснага альбома, на які ідзе фідбэк з усяго свету. Трэкі з Layers бяруць у ратацыю на радыё у Канадзе; у аўстралійскім часопісе “Тэкстура” дыск выходзіць у дадатак да часопіса, а ў Беларусі... цішыня”.



Дакладней, у Беларусі не шмат людзей “у тэме”. На гэта арганізатары кажуць, што нічога страшнага, яны зараз сваёй кампаніяй паадрываюцца пад прагрэсіўную музыку, каб пасля гэта лёгка маглі зрабіць тыя, да каго “дойдзе” толькі праз некалькі год.



























Глядзіце таксама: альбом I/DEX “Layers”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі