“Міс Беларусь” шукаюць нават на вуліцах?

Арганізатары конкурсу падыходзяць на вуліцах беларускіх гарадоў да прыгожых дзяўчат і прапануюць паўдзельнічаць у конкурсе. Галоўнае, каб рост быў не менш за 175 сантыметраў. Таксама абавязкова быць грамадзянкай Беларусі, не мець дзяцей і ніколі не быць у шлюбе. Затое стаць “міс” магчыма нават дзяўчатам, якія маюць даволі “немадэльны” 46 памер адзення. Гэта адрозненне ад “Супермадэлі”.

І яшчэ, хавайце свае “шчырыя” фота, прыгожыя дзяўчаты! Да конкурсу не дапусцяць тых, у каго былі нейкія фота- ці відэаздымкі нават эратычнага характару. Але ж у Нацыянальнай школе прыгажосці Еўрарадыё запэўнілі, што, напрыклад, фота ў часопісе ў купальніках пад гэты пералік не трапляе.

Фарбаваць твар на кастынг таксама не мае сэнсу. Будзе толькі горш. Як распавяла Еўрарадыё супрацоўніца Нацыянальнай школы прыгажосці Таццяна, вас прымусяць змыць усю касметыку:

“Прыўздымаем ім валасы. Глядзім профіль. Глядзяць стылісты, наколькі гэты вобраз цікавы. Бо калі зроблена фрызура, вобраз можа быць адным, а калі падняць валасы – зусім іншым. Аднак лёгкая танальная аснова дапускаецца. Фотагенічасць павінна прысутнічаць”.

Супрацоўнікі Нацыянальнай школы прыгажосці спрабуюць адшукаць прыгажунь нават на вуліцах. Таму не здзіўляйцеся, калі да вас падыйдуць на вуліцы і прапануюць удзел у конкурсе.

Таццяна:
“Добра, калі прыходзіць шмат дзяўчат. Мы імкнемся, як мага больш запрасіць, нават на вуліцы спыняем дзяўчат і прапануем пакінуць свае даныя. І вельмі шкада, калі дзяўчынкі вельмі прыгожыя, але ж яны не прыходзяць, толькі таму, што ў іх нейкія іншыя мэты ў жыцці ці проста хлопец не дазваляе”.

Розніца паміж “Супермадэллю Свету” і “Міс Беларусь” прынцыповая:

Таццяна: “Супермадэль – гэта дзяўчына, якая прыгожа даносіць мадэль адзення. Трэба, каб яна прыгожа прадэфіліравала, каб была прыгожая фігура, на якой адзенне выглядае вельмі цікава. А на конкурсе прыгажосці крыху іншыя патрабаванні. Тут увага больш надаецца жаноцкасці. Гэта позірк, нейкі рух пляча, ног, прывабнасць, унутранае свячэнне, энергія. Канешне, у супермадэлі таксама гэта ўсё прысутнічае, аднак ужо непасрэдна як ад прафесійнай мадэлі. Гэта цяжка растлумачыць словамі, гэта на ўзроўні адчування і практыкі”.

Юлія Сіндзеева, якая ў 2006 годзе заваявала тытул “Міс Беларусі”, гаворыць, што да конкурсу рыхтавалася ў спортзале:

“Крыху худзела, у спортзале час праводзіла. Такая перамога дае нейкі старт. А нават калі ты і не пераможаш. Хтосьці прыходзіць за ўпэўненасцю ў сабе. А нехта – каб бацькам даказаць, якая я добрая”.

Еўрарадыё:
“Добра, а ў такім выпадку навошта ішлі Вы?”

Юля: “Я навошта шла? Я шла па перамогу. Шчыра кажучы, я нават і не планавала недзе там далей удзельнічаць, я думала: “Міс Беларусі” – і ўсё. Гэта наогул усё неяк выпадкова, раптоўна атрымалася”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі