Мінск наведаў Кені Вашынгтон

Еўрарадыё таксама накіравалася паслухаць спевака, пра якога кажуць: "Калі вы  чуеце яго ўпершыню – трымайце вашы сківіцы, каб не ўпалі".

Свае гастролі ў нашых шыротах Кені праводзіць разам з пецярбургскім трыа пад кіраўніцтвам сапраўднага захавальніка джазавых традыцый і сапраўднага "ленінградца" Аляксея Чарамізава. Знакаміты піцерскі музыкант добра вядомы аматарам джазу ў тым ліку і з-за такіх "інтэрнацыянальных" тандэмаў – у свой час менавіта ён пазнаёміў жыхароў "паўночнай сталіцы" з лепшымі ўзорамі сусветнага джазу. Як адзначыў кіраўнік праекту "Джаз-саунд-клуб" Яўген Уладзіміраў, у такіх сумесных праграмах Аляксей Чарамізаў раскрываецца не толькі як цудоўны піяніст,але і як тонкі акампаніятар.

 

 

Інтэлігентны Кені Вашынгтон, магчыма, адзін з самых маленькіх па росце спевакоў у джазавай музыцы, затое прырода яго шчодра надзяліла велічэзным талентам.

Яўген Уладзіміраў: "Чым жа асабліва вядомы Кені Вашынгтон? Тым, што ён ніколі не разглядаў спевы проста як майстэрства. Для яго голас – інструмент імправізацыі. На тое і джаз! Таму самі па сабе імправізацыі Кені Вашнгтона з’яўляюцца асобым дарам".

 

Праграма выступу спевака, якую ён прадставіў мінчанам, складалася з традыцыйных джазавых стандартаў. Кені Вашынгтон нібыта акунуў слухачоў у сапраўдную атмасферу Новага Арлеану, дзе джазавая музыка з’яўляецца паветрам горада, яго душой і адначасова славутасцю.

Лірычныя балады ў яго выкананні - глыбокія і пранікнёныя, поўныя сапраўдных чалавечых эмоцый. Імправізацыю Кені Вашынгтона ў стылі bebop, кажуць, не адрозніць ад гучання саксафона.

 

 

Канцэрт падзяляўся на дзве часткі. Трэба адзначыць, што калі ў першай частцы імпрэзы Кені яўна прыслухоўваўся і прыглядаўся да стрыманай беларускай публікі, то падчас другой - нарэшце раскрыўся ў сваіх цудоўных імправізацыях, і нават выканаў некалькі кампазіцый разам з Яўгенам Уладзіміравым, што стала яўнай нечаканасцю для гледачоў.

 

 

 

Як вынік - 2 гадзіны цудоўных песень і жывога драйву!Публіка праводзіла Кені Вашынгтона доўгімі апладысментамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі