Мінск наведае лідар Рэспублікі Косава, якую Беларусь не прызнала

Мінск наведае лідар Рэспублікі Косава, якую Беларусь не прызнала

Мінск наведае пяты прэзідэнт часткова прызнанай Рэспублікі Косава Хашым Тачы. Ён прыме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе 31 кастрычніка і 1 лістапада ў Беларусі.

Як паведамляе TUT.by, у спісах удзельнікаў канферэнцыі, якія МЗС падаў журналістам, Тачы пазначаны як “палітычны дзеяч Косава”. Плануецца, што на канферэнцыі абмяркуюць перспектывы Мінскага працэса па спыненні канфлікту на ўсходзе Украіны, будучыню адносінаў паміж Усходам і Захадам і заканчэнне тэрміну дзеяння пагадненняў аб кантролі над звычайнымі і ядзернымі ўзбраеннямі ў еўраатлантычным рэгіёне. Таксама абмяркуюць рэгіянальныя канфлікты і ўстойлівасць эканомікі Усходняй Еўропы.

Парламент Косава абвясціў незалежнасць рэспублікі ў аднабаковым парадку 17 лютага 2008 года. Незалежнасць Косава ад Сербіі прызналі толькі 108 краінаў — чальцоў ААН.

Беларусь таксама не прызнае незалежнасць Косава і ў 2008 годзе асудзіла аднабаковае абвяшчэнне суверэнітэту.

Хашым Тачы ў 1990-х гадах быў адным з галоўных палявых камандзіраў Косава, адным з заснавальнікаў “Арміі вызвалення Косава”, а ў 2000-х гадах быў адным з асноўных ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці.

“Армія вызвалення Косава” сярод іншага была замешаная ў масавых выкраданнях людзей і гандлі чалавечымі органамі. У пачатку мінулага года ў Гаазе распачаў працу Спецыяльны суд, які расследуе злачынствы гэтай групоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі