Малдоўскае віно пусцяць у Беларусь на наступным тыдні?

На наступным тыдні магчыма будзе ўзноўлены пастаўкі малдоўскага віна ў Беларусь. На працягу апошніх дзён ідуць перамовы паміж беларускім канцэрнам “Белдзяржхарчпрам” і Аграпрамысловым агенцтвам “Moldova-Vin”. Так, плануецца стварэнне сумеснага малдоўска-беларускага прадпрыемства.
Сёння ў беларускіх крамах можна набыць толькі тое малдоўскае віно, якое было ўвезена ў краіну да Новага году. Усё таму, што з 1 студзеня Малдова спыніла пастаўкі ў Беларусь сваіх вінаматэрыялаў, патлумачыўшы гэта “тэхнічнымі прычынамі”. У адказ Міністэрства гандлю Беларусі 28 лютага забараніла ўвоз у краіну малдоўскага віна.

Да “віннай вайны” малдоўскае віно трапляла ў нашу краіну двума шляхамі. Першы: яго завозілі беларускія фірмы ўжо ў бутэльках. Другі: у Беларусь завозілі вінаматэрыял і ўжо тут разлівалі па пляшках. Апошні варыянт быў нашмат танней.

Новы праект вінных паставак будзе існаваць у форме сумеснага прадпрыемства. Гэта будзе альбо новаствораны імпарцёр малдоўскіх вінаматэрыялаў, альбо прадпрыемства па розліве віннай сыравіны ў бутэлькі.

Як праходзіць працэс стварэння новай сістэмы паставак малдоўскага віна, нам расказалі ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам”. Распавядае намеснік дырэктара Васіль Грыбоўскі:

“На гэты момант ідуць перамовы. Да падпісання пэўных дакументаў справа не дайшла. Але ўсё скончыца на наступным тыдні.”

У Аграпрамысловым агенцтве “Moldova-Vin” нам не пажадалі даваць нейкі каментар пра ход перамоваў. Гаворыць шэф дырэкцыі аналізу і прагнозаў Юрый Мудрэ:

“Здольны сказаць толькі адно – рашэнне яшчэ на стадыі распрацоўкі. Для паскарэння вырашэння праблемы прапанова паступіла з абодвух бакоў: беларускага і малдоўскага. Наша агенцтва будзе чакаць вынікаў па гэтым пытанні, а потым ужо абмяркуем іншыя варыянты. Я думаю, праблема вырашыцца максімальна хутка.”

Але ж звычайны спажывец заўсёды далёкі ад пэўных праблемаў на дзяржаўным узроўні. Мы звязаліся з кампаніяй “Класічныя віны”, якая з’яўлялася адным з буйнейшых імпарцёраў малдоўскага віна ў нашу краіну. На тэму магчымасці набыцця ў крамах малдоўскага віна разважае дырэктар па продажу Аляксей Шаўцоў:

“Мы спадзяемся, што сітуацыя з пастаўкамі малдоўскага віна ў Беларусь у хуткім часе вырашыцца. Можа быць, нам прадукцыі і хопіць на месяцы два-тры. Гэта з улікам таго, што розныя пазіцыі па па-рознаму сыходзяць з асартыменту.

Калі глядзець па практыцы, то звычайна імпарцёры завозяць шмат віна да Новага году, і гэтых запасаў хапае яшчэ на бліжэйшыя некалькі месяцаў.”

Тэму працягвае дырэктар сталічнага віннага буціку “Штопар” Святлана:

“У бліжэйшыя месяцы ў нас не будзе ніякіх змен у параўнанні з мінулым годам. Але ж усё залежыць ад нашага дзяржаўнага кіраўніцтва і ад дакументаў, якія яны прымуць у бліжэйшы час.”

Справа ў тым, што малдоўскае віно, якое разлівалася па бутэльках на тэрыторыі Беларусі, каштавала заўсёды менш. А гэта значыць, было больш вабным для спажыўца. Ці будуць у нашай краіне праблемы з шампанскім, якое на гэты момант вырабляецца з малдоўскай сыравіны?

На гэта пытанне нам адказаў намеснік дырэктара Мінскага заводу шампанскіх вінаў Аляксандр Фурсаў:

“У нас цяжкасці з малдоўскай сыравінай насілі лакальны характар. Але ж тады гэта значыла для нашага заводу зрыў графіку паставак вінных матэрыялаў. Праўда, графік вельмі лагодны.

Большымі цяжкасцямі з’яўляюцца прастоі з сыравінай. А так у нас памераў хапае, каб вытворчасць працавала згодна з нашымі планамі. Нават калі пытанне з Малдовай не будзе вырашана, мы ўжо маем дамовы на пастаўку вінаматэрыялаў з Расіі і Украіны.

Яшчэ наш завод будзе браць сыравіну і са Славакіі, магчыма з Вугоршчыны і Балгарыі.”

Такім чынам, якім бы ні быў вынік міждзяржаўных перамоў паміж Беларуссю і Малдовай, звычайныя аматары вінных вырабаў будуць мець магчымасць набываць як мінімум шампанскае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі