Лявон Вольскі ведае, як даецца шчасце!

26 студзеня ў рэстаране “Камяніца” прайшла закрытая прэзентацыя праекту Лявона Вольскага  “Такога няма нідзе“, дзе музыка распавёў сакрэты пра крыніцу шчасця, распад гурта “Топлес” і свае новыя праекты.

Сумесны праект  “Такога няма нідзе” здымаўся ў мінулым годзе, а сёлета выйшаў на дысках у аўдыё і відэа-версіі. Сярод удзельнікаў праекту аказаліся розныя выканаўцы. Алег  Хаменка, Віталік Артыст, Ганна Хітрык, АндрусьТакінданг, Руся, Уладзімір Пугач, Вольга Самусік і іншыя. 

Амаль што ўсе гэтыя людзі сабраліся разам з журналістамі, каб адзначыць нараджэнне ў медыйнай прасторы  праекту “Такога няма нідзе”.

Сустрэча была закрытай, але гэта не стала перашкодай адкрытым і шчырым размовам. Артысты, якія з’явіліся ў “Камяніцы” ахвотна распавядалі пра свае ўражанні ад удзелу ў праекце.



Лявон Вольскі прызнаўся, што пачаткам праекту “Такога няма нідзе” стаў нейкі ліст шчасця, які яму нехта даслаў  з пагрозамі, што, калі музыка не зробіць праект у стылі 60-х, то жыццё яго разладзіцца. Вядома, што музыка не стаў адкладваць працу надоўга і выдаў яе як мае быць.

Лявон Артуравіч распавёў, што такі ж ліст атрымаў і дзявочы гурт “Топлес”, але апошніх перамагла лянота і гурт распаўся…



Усе артысты пакрысе расказвалі пра свае творчыя перажыванні падчас працы над праектам. Так Алег Хаменка, які выконваў песню разам з Кацяй Пытлевай расказаў, што Каця выклікае ў яго толькі найлепшыя пачуцці:

"Я вельмі паважаю Кацю. Раней я яе крытыкаваў, але цяпер ведаю, што дзяўчына яна разумная і ў яе ўсё будзе добра. Не здзіўлюся, калі "Клёндайк" стане адным з лепшых беларускіх гуртоў ў хуткім часе.

У беларускай музыцы быў вялікі прабел ў 60-я гады, таму праект кшалту гэтага на маю думку мусіў з’явіцца. Праўда, ён даўгаваты і людзі стамляюцца глядзець яго ад пачатку да канца. Я шчыра прымушаў дома прагледзець яго цалкам, але людзі любяць пагартаць відэакліпы ўсё ж такі.

Мы спелі з Кацяй Пытлевай песню "Рыкша" і я вельмі рады, што менавіта з Кацяй мне давялося пайсці на гэты эксперымент у праекце "Такога няма нідзе". Яна здольная на такія рэчы".



Уладзімір Пугач застаўся ў захапленні ад працы з Вольскім і чакае працягу:

"Я не люблю падзяляць людзей на тусоўкі тыпу "папсовая" і "рок-н-рольная", я люблю працаваць з асобамі! У праекце  я знайшоў для сябе цэлы шэраг асоб, з якімі раней проста не быў знаёмы. Мне вельмі спадабался. Калі будзе нейкі працяг – я з задавальненнем да яго зноў далучуся.

Ну, і Лявон Вольскі - гэта легенда, а дакрануцца да легенды заўсёды прыемна. Мне вельмі спадабалася песня, якую  мы спявалі з Лявонам ("Такога няма нідзе") і гэта стала адной з прычын майго ўдзелу ў праекце. Гэта той самы выпадак, калі патрыятызм у музыцы павінен быць".



Вольга Самусік была вельмі уражаная тым, што песню Лявон Вольскі рабіў для яе асобна:

" Ганна Вольская сказала мне, што песня "Ведзьмы" была зробленая адмыслова пад мяне. А я знайшла астатніх вакалістак, якія дапамаглі мне спяваць. Гэта Зоя Каральчук і Света Зелянкоўская. Працавалі мы хутка, але не на "хуткую руку". У нас было мала часу і ад такога стрэсу мы выклаліся на поўную моц!".



Андрусь Такінданг дык ўвогуле і па сённяшні дзень не можа справіцца з тым, што яму давялося працаваць з кумірамі свайго юнацтва:

“Я такі шчаслівы ад удзелу ў гэтым праекце! Я ж пабачыў ужывую тых музыкаў, якіх я слухаў яшчэ ў юнацтве. У праекце "Такога няма нідзе" я ўпершыню, дарэчы, спяваў песню, якую напісаў не я сам, а іншы чалавек. Гэта стала для мяне новым досведам, было не так лёгка, але, дзякуй Богу, з дапамогай Русі ў нас ўсё атрымалася”!

Падчас сустрэчы музыкі зладзілі імправізаваны канцэрт. Руся спела некалькі песень з рэпертуару праекту "Акана", з якім працуе апошні год. Алег Хаменка выканаў некалькі фолькавых песень. Уладзімір Пугач праспяваў свой новы хіт "Такога няма нідзе", а Алег Гарбуз "развёў" Вольскага на сумесны нумар-презентацыю невыдадзенай яшчэ песні "Кожнаму хочацца азалаціцца", якая выклікала фурор на банкеце!



Вы, нашы любімыя слухачы, маеце шанец далучыцца да свята, бо мы запісалі для вас кавалачак гэтай самай невыдадзенай песні.



Як бачыце і чуеце,было весела і цікава! Так што хуценька дуйце ў крамы, шукайце дыск "Такога няма нідзе" і святкуйце жыццё разам з беларускімі музыкамі ў стылі бадзёрых 60-х!



















У рэпартажы выкарыстаны фотаздымкі з рэсурсу generation.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі