«Ляпис Трубецкой» названы амбасадарам Be2gether 2009

Як даведалася Еўрарадыё, магчыма, у гэтым годзе беларусы атрымаюць літоўскія “фестывальныя” візы бясплатна Сёлета фестываль пройдзе не ў жніўні, а 12-14-га чэрвеня. Месца тое ж - тэрыторыя Нарвілішскага замку, ў 50 метрах ад беларуска-літоўскай мяжы. Хэдлайнерамі гэтага года стане Gogol Bordello – гурт, створаны дзесяць гадоў таму украінскім эмігрантам Яўгенам Гудзем у Нью-Ёрку. Першымі беларускімі ўдзельнікамі Be2gether-2009 і «амбасадарамі» фэсту названы «Ляпис Трубецкой».



На прэс-канферэнцыі ў Літоўскай амбасадзе арганізатар фестывалю, літоўскі бізнэсмэн і ўладальнік Нарвілішскага замку Гедрыюс Клімкявічус гаворыць, што гэта будзе не толькі музычны фестываль:

Гедрыюс Клімкявічус: «Спадзяемся, што ў гэтым годзе фестываль стане пацверджаннем абранага намі шляху і стане яшчэ больш еўрапейскім. Маленькая розніца, што ў гэтым годзе фестываль пройдзе 12-14 чэрвеня, а не ў жніўні, як тое было раней. Імкнемся, каб фестываль прадстаўлялі розныя музычныя стылі на любы густ. Будуць не толькі музыканты, але і мастакі».



Сайт Be2gether запрацуе і на беларускай мове. Да таго ж арганізатары спадзяюцца прадоўжыць супрацоўніцтва з беларускімі валанцёрамі, якія год таму дапамагалі з падрыхтоўкай. Наконт жа пераносу імпрэзы са жніўня на чэрвень называюць некалькі прычын:

«Наша каманда хоча адпачываць летам. Мы ж таксама людзі!» - смяецца Гедрыюс Клімкявічус. - «Да таго ж мы думаем, што наведаць фестываль у чэрвені зручней для людзей, калі яшчэ ніхто не стаміўся ад спёкі ці дажджоў і хочацца выехаць на прыроду».



Пакуль раскрыты толькі шэсць удзельнікаў Be2gether-2009:

Гедрыюс Клімкявічус: «Гэта будзе Gogol Bordello, на маю думку – адзін з самых фестывальных гуртоў у свеце! Да таго ж сённяшнія хітмэйкеры Polarkies 18 , якія зараз ў топах на шматлікіх радыёстанцыях Еўропы. Далей нашы старыя знаёмыя гурт Touch and Go, якіх шмат хто добра ведае. Цяжкі гурт Clawfinger, наша зорка Andrius Mamontovas. Ну і амбасадары нашага фестывалю – гурт «Ляпис Трубецкой».



Прадзюсар “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў пазайздросціў літоўцам, маўляў, Беларусь не мае свайго фестывалю такога маштабу.

«Be2gether – выдатаная магчымасць для музыкантаў выступаць на адной сцэне з еўрапейскімі і сусветнавядомымі зоркамі.» - працягвае гэтую ж думку Павел Булатнікаў«А гледачы фэсту могуць на гэтых зорак паглядзець і параўнаць. Адным словам ёсць магчымасць паглядзець добры канцэрт еўрапейскага ўзроўню, з добрым гукам і асвятленнем і г.д.»



«Тэарэтычна на фестываль можна пешшу дайсці!» - смяецца Калмыкоў «І да таго ж – вялікі дзякуй нашым братам-літоўцам за тое, што яны не толькі ўсё гэта арганізоўваюць, але яшчэ і ўсяляк нас туды завабліваюць».



Як даведалася Еўрарадыё, магчыма, у гэтым годзе беларусы атрымаюць літоўскія “фестывальныя” візы бясплатна. Пра гэта казаў пасол Літвы ў Беларусі спадар Багдонас.



Эдмінас Багдонас: «У лепшым выпадку для фестываля можа быць зроблена бясплатная віза, але ўвогуле без візы, на жаль, паехаць не атрымаецца. Са свайго боку мы спрабуем рабіць усё, каб было як мага больш камфортней для грамадзян Беларусі выязджаць у прастору Еўрасаюзу. Але гэта залежыць не толькі ад нас і не толькі ад краінаў Еўрапейскага саюзу, калі вы зразумелі, што я хацеў сказаць».

Са словаў Гедрыюса Клімкявічуса пра поўную праграму фестывалю можна будзе даведацца ў самы бліжэйшы час. Еўрарадыё працягне сачыць за падрыхтоўкай да Be2gether- 2009.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі