Лукашэнка расказаў, чаму не будзе забараняць алкаголь

Лукашэнка расказаў, чаму не будзе забараняць алкаголь

Падчас візіту на "Камволь" Аляксандр Лукашэнка анансаваў новыя меры па барацьбе з п'янствам, але заявіў, што аднымі забаронамі праблему не вырашыць. 

"Цяпер, гляджу, у СМІ разгарнуліся дэбаты: забараніць, не прадаваць, пакараць. Ну калі вы хочаце жулікаў развесці, якія будуць з-пад падлогі, — таксісты і іншыя, — прадаваць ноччу і позна ўвечары алкаголь і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць. Забароны, як паказвае гісторыя, плёну яшчэ не давалі", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што больш увагі трэба надаваць здароваму і актыўнаму ладу жыцця на ўсіх узроўнях — ад сям'і да дзяржавы. Ён дадаў, што мае шмат прапановаў на гэтую тэму. 

"Пасля Новага года вернемся да гэтай праблемы і будзем яе вырашаць зыходзячы з магчымасці. Тут нельга пераціснуць. Так, ёсць прапанова, дапусцім, зачыніць і з 10 кропак адну пакінуць. Глупства! Але ёсць прапанова тую, што насупраць школы, зачыніць. Правільна, няхай перанясуць яе ў іншае месца, але насупраць школы не павінны прадаваць алкаголь і тытунь. З гэтым згодны. і шмат такіх прапаноў. Будзем ісці ад жыцця", — запэўніў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка падкрэсліў, што сам ён малапітушчы, аднак іншыя людзі прытрымліваюцца іншых поглядаў: "Я чалавек амаль непітушчы. Можна сказаць, малапітушчы. Але гэта мая пазыцыя, маё меркаванне. Людзі ж жывуць па законах пэўных і ўласных уяўленняў пра жыццё. Ну, вось мы сабраліся тут... У нас што, непітушчыя тут усе? Ну, давайце перастанем піць столькі і будзем па святах выпіваць або з нагоды адкрыцця новай вытворчасці, і ўсё будзе нармальна. Гэта вельмі цяжкая, складаная праблема".

Абурыўся Лукашэнка тымі, хто заяўляе, быццам праблема курэння і п'янства звязаная жаданнем дзяржавы папоўніць бюджэт. "Гэта апошнія нягоднікі і ворагі беларускай дзяржавы. Сапраўды, акцызы на алкаголь і тытунь — гэта вялікія падаткі (вы чулі, нядаўна праводзіў нараду): ад тытуню мы атрымаем у гэтым годзе $0,5 млрд у бюджэт. Гэта пяць вашых такіх прадпрыемстваў. Калі мы толькі цяпер гэты акцыз знізім або алкаголю пачнем менш вырабляць, да нас прывязуць барматуху з Расіі, Украіны, з Захаду. Толькі адкрый — усё сюды хлыне. І акцызаў не атрымаем, і піць менш не станем. Таму гэта такія размовы, як я кажу па-народнаму, "плявузганне". Любая дзяржава ўводзіць акцызы і атрымлівае ад гэтага падаткі", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён прапанаваў шукаць узважанае рашэнне гэтай праблемы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі