Лукашэнка паведаміў, чаго ніколі не даруе памерлы Уга Чавес

Лукашэнка паведаміў, чаго ніколі не даруе памерлы Уга Чавес

Аляксандр Лукашэнка намераны ажыццявіць візіт у Венесуэлу ў 2018 годзе. Пра гэта ён заявіў 28 лістапада на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны Рыкарда Менендэсам.

Адносіны Беларусі з Венесуэлай кіраўнік дзяржавы назваў сяброўскімі і братэрскімі. "Усё, што мы можам сёння, мы гатовыя пакласці на шалі вашага поспеху ў Венесуэле. Мы дамовіліся, што выпрацуем дарожную карту паглыблення нашага двухбаковага развіцця з улікам таго становішча, якая складаецца. І ўжо бліжэйшым часам у 2018 годзе падчас майго візіту ў Венесуэлу мы зможам значна рушыць наперад у нашых адносінах. І не толькі зацвердзіць гэтую дарожную карту, — мы яе пачнем ўжо рэалізоўваць", — цытуе прэс-служба словы кіраўніка дзяржавы.
 
Лукашэнка адзначыў, што ў адносінах з Венесуэлай ёсць нявырашаныя пытанні, але яны не мусяць стрымліваць развіццё супрацы. 
 
Беларускі кіраўнік папрасіў перадаць прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадуру віншаванні з пераканаўчай перамогай яго прыхільнікаў на рэгіянальных выбарах. Лукашэнка параіў не надаваць вялікага значэння крытыкам, якім не падабаецца гэтая перамога. 

"Галоўнае, я ўжо казаў Нікаласу Мадуру, — каб вы былі адзіныя ў Венесуэле і верылі ў сваю перамогу. У адваротным выпадку наш сябар Уга Чавес нам ніколі не даруе", — згадаў Лукашэнка памерлага кіраўніка Венесуэлы.

У сваю чаргу Менендэс перадаў беларускаму кіраўніку цёплае прывітанне ад Мадуры. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі