Лукашэнка: мы з Расіяй не разбегліся — гэта таксама дасягненне

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас першай "інтэграцыйнай" сустрэчы ў Сочы 7 снежня / Reuters
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас першай "інтэграцыйнай" сустрэчы ў Сочы 7 снежня / Reuters

20 снежня на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу, прысвечанай пытанням інтэграцыі дзвюх краін, Аляксандр Лукашэнка пералічыў дасягненні ў адносінах з Расіяй. Сярод іх і тое, што, у адрозненне ад іншых краін былога СССР, Беларусь працягнула зносіны з усходняй суседкай.

"...З развалам Савецкага Саюза мы ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сацыяльнай сферы далёка адно ад аднаго не пайшлі. Гэта таксама вялікае дасягненне гэтай дамовы, — перадае словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Калі мы і не рэалізавалі тыя пункты, якія там прапісаны, то мы не разбегліся, як гэта ёсць, дапусцім, у Расіі з іншымі рэспублікамі постсавецкай прасторы (не толькі з Прыбалтыкай або Украінай). Гэта таксама дасягненне, што намі зроблена за апошнія гады. Але вы правільна сказалі: ёсць над чым працаваць".

Беларускі лідар бачыць "каласальны прагрэс" у супрацоўніцтве з Расіяй: гэта, па яго словах, адзіная абаронная прастора, адзіная прастора для працы спецслужбаў, "адзіная мяжа, мытня на захадзе", магчымасць палётаў над Беларуссю расійскіх самалётаў і ўзаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва:

"Каласальны прагрэс. І ў эканоміцы, калі гаварыць пра людзей, сёння Беларусь купляе ў вас не толькі сыравіну, але і камплектуючыя. На прадпрыемствах у Расіі, з якімі маюць кантакты нашы прадпрыемствы, вырабляючы фінішную прадукцыю, працуюць больш за 10 млн расіян. Мы звычайна памнажаем, калі сям'я, на 4. Уявіце, колькі людзей завязаныя на наш з вамі тавараабарот і сумесную вытворчую кааперацыю", — сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін гаворыць пра "спакойны дыялог" з Беларуссю ў рамках "будаўніцтва Саюзнай дзяржавы". Праўда, расійскі прэзідэнт недвухсэнсоўна намякае, што Беларусь не можа купляць у Расіі газ па цане Смаленскай вобласці — для гэтага ёй трэба стаць часткай Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі