Лукашэнка: Калінінград — гэта наша вобласць

Лукашэнка: Калінінград — гэта наша вобласць

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся наконт Калінінградскай вобласці Расіі і яе сувязяў з нашай краінай. У панядзелак ён сустракаўся ў Мінску з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Антонам Аліханавым. Лукашэнка падкрэсліў, што Калінінградская вобласць вельмі блізкая Беларусі не толькі праз гандлёва-эканамічныя сувязі, але і "геаграфічна", "гістарычна".

"Я і [прэзідэнту Расіі Барысу Мікалаевічу] Ельцыну, і [прэзідэнту] Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] часта гаварыў, калі абмяркоўвалі нейкія праблемы: Калінінград — гэта наша вобласць, найперш мы за яе адказвалі і адказваем, а не Расія, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Пуцін гаворыць: "Я не супраць".

Лукашэнка распавёў калінінградскаму губернатару, што яшчэ ў савецкія часы "было шмат размоў на самым высокім узроўні пра тое, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі". Аднак з гэтага нічога не выйшла. Цяпер беларускі кіраўнік лічыць, што можа гэта і да лепшага і правёў паралель з Крымам, які падчас існавання СССР быў перададзены ў склад Украінскай ССР.  

"Такіх размоў было шмат, і фактычна мы ў Беларусі былі па многіх пытаннях адказныя за Калінінградскую вобласць, таму што былі самымі блізкімі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік раней неаднаразова выказваўся наконт размоваў пра магчымасць далучэння Калінінградскай вобласці да Беларусі. У кастрычніку 2014-га на прэс-канферэнцыі расійскім рэгіянальным СМІ ён прызнаўся, што для беларусаў Калінінград — "асаблівая тэрыторыя", і так склалася з савецкіх часоў, калі рэгіён хацелі далучыць да БССР. У снежні таго ж года падчас сустрэчы з тагачасным губернатарам Калінінградскай вобласці Мікалаем Цуканавым Лукашэнка заявіў, што ў яго няма планаў далучыэння да Беларусі Калінінградскай вобласці.

Калінінградская вобласць Расіі — былая тэрыторыя Усходняй Прусіі. Да СССР была далучана па выніках Другой сусветнай вайны. У канцы 1940-х у Калінінградскую вобласць перасяліліся тысячы беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі