Лукашэнка — еўракамісару: Вы можаце на нас разлічваць

Лукашэнка — еўракамісару: Вы можаце на нас разлічваць

30 студзеня ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ёханэса Хана, еўракамісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС. Лукашэнка гаварыў пра тое, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў пашырэнні эканамічных сувязяў з Еўрасаюзам. Ён нагадаў, што ў гандлі з нашай краінай “ЕС знаходзіцца на другім месцы”. Беларускі кіраўнік падзякаваў за прагрэс, які адбыўся ў перамовах аб уступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

“Наша краіна знаходзіцца ў самым сэрцы, у самым цэнтры Еўропы, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Гэтым усё сказана. Вы можаце на нас разлічваць. Мы заўсёды будзем адданыя добрасуседству і гатовыя ўнесці любы ўнёсак у забеспячэнне бяспекі Еўрапейскага кантыненту”.

Таксама кіраўнік Беларусі выказаўся пра ініцыятыву ЕС “Усходняе партнёрства”. Паводле яго слоў, яна не павінна стаць чыста палітызаванай арганізацыяй, падзяляльнай зонай паміж Еўрасаюзам, Расіяй і Кітаем. У той жа час Лукашэнка хацеў бы, каб “Усходняе партнёрства” дапамагала вырашаць візавыя пытанні, “каб мы маглі ў большым аб’ёме і больш свабодна кантактаваць з Еўропай”. Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца “катэгарычным прыхільнікам існавання моцнага ЕС”

Ёханэс Хан прыгадаў праблемы, якія існуюць у Еўрасаюзе, у тым ліку хвалю міграцыі і выхад Вялікабрытаніі. Але гэта толькі прыводзіць да мабілізацыі і ўмацавання інтэграцыі ўнутры ЕС, адзначыў еўракамісар. Паводле яго слоў, ЕС намагаецца ўмацоўваць сувязі з Беларуссю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі