Ленинград "Рыба"

121102_agljadacha.mp3

Новы альбом гурта “Ленинград” “Рыба” — гэта абсалютна лагічны працяг папярэдняй працы “Вечный огонь”. Піцерцы працягваюць паглыбляцца ў сацыяльную тэматыку, цяпер ужо з рэакцыяй на палітычныя падзеі ў Расіі. Першая ж песня “Москва” — яскравы таму прыклад: “Вчера приснился сон прекрасный: Москва сгорела целиком. Пожар на площади на Красной и тлеет бывший Избирком. Никто не выжил, все сгорели: все Pusy, Путин и Собчак…”

Калі мінулы альбом гурта ў інструментальна-аранжыровачным сэнсе быў даволі падобны на “Неприкосаемых”, а вакал Шнура набліжаўся да голасу Гарыка Сукачова, то дыск “Рыба” — гэта тыповы “кабак” з цыганшчынай ды “Травой у дома”. Падаецца, што альбом адмыслова запісвалі бруднавата, магчыма, ўсе разам і адным дублям, каб яшчэ больш наблізіцца да гэтай кабацкасці.

Для гурта “Ленинград” цытаванне вядомых музычных тэмаў — звыклая рэч і, нават, фішка. Але яшчэ ніколі такой колькасці цытат на адзін дыск не было. Кожны трэк альбома падаецца даўно знаёмым, бо нешта нагадвае: Boney M (“Рыба”), Joe Dassin (“Бомбила”), ну і, безумоўна, савецкая эстрада гадоў 90-х. Музыкі забаўляюцца, жартуюць і робяць гэта вельмі якасна, а самае галоўнае — зразумела нават для абывацеля. Цытаванне ўнутры песень увогуле так крута зроблена, што не адразу заўважаеш. Але найбольш выбітны трэк — “Бах”, там “Ленинград” цытуе самога класіка.

Дарэчы, альбом “Рыба” ў параўнанні з “Вечным огнем” вельмі мацерны. На мінулым дыску былі толькі дзве моцна нецэнзураваныя песні, тут — амаль усе. Але безумоўны чэмпіён — “Непросто”: песня-тлумачэнне ўсіх значэнняў слоў х..й ды б..дзь. Пачуццё гумару “Ленинграда” развіваецца разам з ростам узроўню аранжыравання. Некаторыя песні абсалютна шчыра “складаюць пад стол”. Сарказм, язва ды сцёб песні “Жёлуди” ўвогуле пераводзіць Шнура ў шэраг прафесійных паэтаў-сацірыкаў.

Праўда, альбом “Рыба” нельга назваць стоадсоткавым. Ёсць песні прахадныя, а ёсць сапраўды крутыя. Да прыкладу, існаванне на дыску песні “Юлия” ўвогуле незразумелае. Выдатны трэк быў бы, але ў выкананні іншага калектыву. Такое адчуванне, што ён з’явіўся на пласцінцы, каб паказаць вакальныя магчымасці Юліі Коган. Але навошта? Аматары джазу, як і аматары “Ленинграда” выдатна ведаюць што Юлія прызнаная джазавая зорка.

Ну, і на развітанне варта дадаць, што дыск рэальна ўздымае настрой. Тое, як зробленыя песні, як яны выкананыя, як нагружаныя сэнсава і лірыка і, так бы мовіць, лібрэта — захапляюць. Тым, хто прынцыпова не ўспрымае мат — слухаць не раю, бо вушы скруцяцца ў трубачку. А тыя, хто да нецэнзурнай лексікі ў песнях ставіцца проста — калі ласка, дыск знаходзіцца ў вольным доступе на сайце гурта. Альбом “Рыба” закрывае песня “Просто”, яе прыпеў — найлепшая характарыстыка усёй новай працы “Ленинграда”: “Как о..енно просто і просто о..енно”

Трэк-ліст:

01. Москва
02. Мы за!
03. Вода
04. Рыба
05. 87
06. Непросто
07. Желуди
08. Бах
09. Юлия
10. Бомбила
11. …
12. Просто

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі