Led Zeppelin уз'яднаюцца і рушаць у тур

Гурт Led Zeppelin плануе ўз’яднацца, каб выступіць на памятным канцэрце, прысвечаным заснавальніку Atlantic Records Ахмеду Эртэгуну, які памёр у снежні 2006-га ва ўзросце 83 год. Паводле NME, блізкая да музыкаў крыніца расказала, што "Пэйдж, Плант і Джоўнс пагадзіліся прыняць удзел у канцэрце, і зараз яны чакаюць толькі дакладнай даты мерапрыемства. У гэта цяжка паверыць, але калі ўсё пройдзе добра, яны нават пагадзіліся рушыць у канцэртны тур. Магчыма, гэта здарыцца ў наступным годзе".

Нагадаю, што квартэт Led Zeppelin з’явіўся ў 1968 годзе. Першыя пяць студыйных альбомаў гурта былі выдадзены менавіта лэйблам Atlantic Records. У верасні 1980 года бубнач Джон Бонэм памёр, і астатнія ўдзельнікі калектыву вырашылі не шукаць замены і распусцілі гурт.

Але зараз дакладна вядома, што ў выніку ўз’яднання бубначом Led Zeppelin стане сын Джона Бонэма — Джэйсан Бонэм.

Фота: hardrockforum.devil.it