Вы тут

"Кошт анексіі — жыццё"

Бахчысарай, Крым, 13 травеня 2019 года/"Громадское"

Незалежнае ўкраінскае онлайн-тэлебачанне "Громадское" зноў наведала Крым, каб сустрэцца з героямі свайго першага рэпартажу, прысвечанага анексіі: ён быў зняты ў дзень "рэферэндуму" — 16 сакавіка 2014 года. Паводле яго вынікаў, больш за 96% жыхароў паўвострава выказаліся "за ўз'яднанне Крыма з Расіяй", і 18 сакавіка 2014 года Расія ўключыла Крым у свой склад.

"Я лічу, што гэтых людзей забілі"

"Аксана памерла", — адказваюць мне, калі я пытаюся пра гераіню відэа, запісанага ў красавіку 2014 года.

З Аксанай мы сустракаліся ў Сімферопалі пяць гадоў таму. Да таго часу яна ўжо сем гадоў праходзіла лячэнне па праграме замяшчальнай тэрапіі — гэта калі замест вулічных наркотыкаў ты пад кантролем лекараў атрымліваеш прэпарат для лячэння залежнасці, метадон. Такая практыка існуе ў многіх краінах, але ў Расіі яна забароненая.

Да анексіі ў Крыме было 800 пацыентаў, якія прымалі замяшчальную тэрапію. Вясной 2014 года яны прасілі аб дапамозе. У іх ліку была і Аксана. Яна пратрымалася тры гады.

"Я расплакаўся, калі даведаўся. Хоць мужчыны не плачуць", — распавядае Ігар (імя змененае), былы пацыент праграмы.

Па словах Ігара, за гады анексіі ў Крыме загінулі сотні пацыентаў якія засталіся без метадону:

"Сотні людзей памерлі за гэтыя гады жудаснай смерцю: адзін павесіўся, іншы скочыў з дзявятага паверха".

Дакладная лічба загінулых невядомая. Дабрачынны фонд "Альянс грамадскага здароўя", які займаўся нарказалежнымі ў Крыме, перастаў весці гэтую статыстыку ў 2015 годзе. У гэты час у медустановах, якія апынуліся пад кантролем Расіі, ускладніўся доступ да інфармацыі пра пацыентаў, а сваякі загінулых перасталі выходзіць на кантакт — магчыма, пад ціскам мясцовых уладаў.

Па дадзеных "Альянсу грамадскага здароўя", прыкладна праз год пасля спынення праграмы замяшчальнай тэрапіі загінула каля 120 яе былых пацыентаў. Гэтая лічба фігуруе і ў дакументах ААН. Тэму ўздымалі на міжнародных пасяджэннях, але расійскія чыноўнікі стаяць на сваім: дапамога аказвалася ўсім.

"Я лічу, што ўрад Крыма і Расіі забілі гэтых людзей", — падводзіць вынік Ігар.

Ялта, Крым, 15 марта 2019 года/Громадское

"Экстрэмізм і тэрарызм"

Пры цяперашнім раскладзе самая высокая верагоднасць апынуцца за кратамі паводле абвінавачання ў тэрарызме — у крымскіх татар. Гэта карэннае насельніцтва Крымскага паўвострава, якое падверглася ганенням і масавай дэпартацыі ў 1940-я гады. Аж да пачатку 90-х крымскія татары былі вымушаныя жыць у выгнанні і вярнуліся на радзіму толькі пасля распаду Савецкага Саюза. Акупацыйныя ўлады лічаць крымскіх татар сваімі галоўнымі апанентамі. І гэта цалкам слушна: крымскататарская меншасць актыўна супраціўлялася анексіі.

Яшчэ вясной 2016 года адвакат Эміль Курбедзінаў, які займаецца ў асноўным абаронай крымскататарскіх актывістаў, патлумачыў: "Маеш дачыненне да Меджліса — абвінавацяць у экстрэмізме, калі ж рэлігійны — абвінавацяць у тэрарызме". Меджліс крымскататарскага народа — выканаўчы орган, які пасля анексіі Крыма расійскія ўлады абвясцілі экстрэмісцкай арганізацыяй і забаранілі.

Бахчысарай, Крым, 13 Травень 2019 года/"Громадское"

Сістэматычныя затрыманні крымскіх татар пачаліся праз год пасля рэферэндуму. Цяпер у турмах Расіі і Крыма — больш за семдзесят палітвязняў, пераважна крымчан.

Сваякі першых затрыманых спачатку спадзяваліся на памылку і асцярожнічалі. Але потым сталі адкрыта казаць пра сваё гора, аб'яднаўшыся ў рух "Крымская салідарнасць". З'явілася таксама арганізацыя "Бізім балалар" ("Нашы дзеці"), якая ўсе гэтыя гады штомесяц дае фінансавую дапамогу дзецям палітвязняў да 16 гадоў. Падчас ўтварэння арганізацыі ў 2017 годзе атрымальнікаў гэтай дапамогі было каля сарака. Сёння іх сто адзінаццаць.

#ИхКрым

Ленур Асманаў да акупацыі і два гады пасля яе працаваў адміністратарам у кавярні "Мусафір" у горадзе Бахчысарай. Потым кавярню прыйшлося закрыць. "Прыйшлі 15 чалавек у масках. Я пытаюся: а навошта аўтаматчыкі? Я тут адзіны мужчына, астатнія жанчыны".

Гаспадары "Мусафіра" прайшлі праз шэраг судовых працэсаў, але даказаць, што кавярня з'яўляецца іх уласнасцю, ім так і не ўдалося.

Ленуру прыйшлося на час перакваліфікавацца ў кіроўцу таксі — у Крыме гэта папулярны від занятасці.

Ленур Асманаў. Сімферопаль, Крым, 13 сакавіка 2019 года/"Громадское"

Крымчане, якія больш-менш былі лаяльныя да анексіі, падкрэсліваюць сваю апалітычнасьць. Дзяўчына, якая назвалася Аксанай, — адна з іх.

Мы размаўляем у сучасным рэстаране Ялты. Аксана шмат гадоў займаецца арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. Раней, кажа, 40% гасцей былі з мацерыковай частцы Украіны, 30% — з Расіі, а астатнія — іншыя замежнікі. Цяпер 95% — рускія.

Аднак з мінулага лета Аксана прымала сяброў з мацерыковай Украіны. У Крыме пачалі працаваць тэрміналы і банкі — ужо не трэба везці з сабой чамадан наяўных. Патроху вяртаюцца інвестыцыі. Кантрабанды мала — усё кантралюецца. Цэны маскоўскія. Буйныя кампаніі аднаўляюць прадстаўніцтвы. Адраджаецца малы бізнес: пякарні, вінакурні, вытворчасць сыру.

Ялта, Крым, 15 сакавіка 2019 года/"Громадское"

Выпускнікі крымскіх школ імкнуцца ў Маскву ці Піцер, — працягвае Аксана. На мацерыковую Украіну выехаць складана — няпроста з перасячэннем, і дзецям, якія вучацца ва Украіне, праблемна перадаваць перадачы або пераводзіць грошы на картку.

"Мне складана зрабіць высновы, стала горш ці лепш. Хіба трэба ўвесь час знаходзіцца ў стане "ўсё прапала"? Ёсць рэчы, якія не змяніліся: мора, лясы, пячорныя гарады. І мы, людзі, не змяніліся, таму што стараемся падарожнічаць, быць адкрытымі свету. Адзінае, з'явілася адчуванне, што ты ўвесь час пад наглядам вялікага брата. Усе мы стараемся ўтрымліваць нейтральную пазіцыю і трымацца адзін аднаго. Я не ўпэўненая, што трэба кінуць усё — бацькоў, дом, гаспадарку, і шукаць светлую будучыню там, дзе нас, хутчэй за ўсё, не чакаюць", —- кажа Аксана.