За школьныя дапаможнікі бацькі заплацяць ад 200 тысяч рублёў

“Вось ідуць  дапаможнікі па матэматыцы, працоўныя сшыткі”, — паказвае прадаўшчыца ў краме “Белкніга” асартымент асартымент дапаможнікаў за шосты клас. Ёсць дапаможнікі па фізіцы і матэматыцы, беларускай і рускай мовах, працоўны сшытак па фізіцы, біялогіі — амаль па ўсіх прадметах можна набыць дадатковы дапаможнік. Кошты — ад 12 да 20 тысяч.

Падлічваем: калі за шосты клас набыць такі бонус да падручніка па кожным з прадметаў, пацягне на 160 тысяч. Калі дадаць сюды сшыткі, асадкі, алоўкі ды дзённік, выйдзе ўжо больш за 200 тысяч. Калі за набор школьных падручнікаў за шосты клас трэба заплаціць усяго 19300 рублёў. То дапаможнікі каштуюць у 10(!) разоў даражэй.

Але на падрыхтоўку дзіця да школы выдаткоўваюць, бывае, яшчэ больш.

“Мяркую, мільёна паўтара давядзецца аддаць! Глядзіце, толькі вось на дапаможнік па рускай мове, па фізіцы, па іншых трэба колькі аддаць... Карацей, па ўсіх прадметах. Яшчэ асадкі, дзённік, сшытак. Гэта звычайная школа”, — расказвае Еўрарадыё Адам Іванавіч, які аддае сына ў дзявяты клас.

Поруч з ім у краме закупляюцца да 1 верасня дзве васьмікласніцы. У іх сумы больш сціплыя.

“Тысяч 200 — гэта сшыткі ўсялякія. Дапаможнікі па некаторых прадметах. Але гэта па тых, якія не разумееш. Не абавязкова па ўсіх набываць”, — адказвае Кацярына. Пашанцавала са школай. Увесь стос дапаможнікаў набываць не прымушаюць.

Працоўныя сшыткі, дапаможнікі, атласы і сшыткі для лабараторных... Няўжо гэта патрэбна па кожным прадмеце? Па дапамогу звяртаемся да класнай кіраўніцы і настаўніцы рускай мовы са сталічнай школы — Людмілы Анатольеўны:

“Дапаможнікі можна, але з розумам. Мы ідзём у краму, праглядаем гэтыя працоўныя сшыткі, дапаможнікі, а пасля ўжо рэкамендуем. Па хіміі падбіраюць працоўныя сшыткі, па фізіцы, па геаграфіі атлас. Але гэта трэба, калі сапраўды неабходна”, — тлумачыць настаўніца.

І раіць набываць бонусы да падручнікаў дазавана.

Апроч канцылярскіх вырабаў і дапаможнікаў, трэба заплаціць за падручнікі. У адрозненне ад мінулага года, тыя падаражалі на чвэрць. Найбольш каштуюць падручнікі за 10 клас — 72 тысячы.

“Для 10 класа ідзе перавыданне, бо падручнік эксплуатуецца пяць гадоў. І ў тых класах, дзе ён не перавыдаваўся, а выдаецца мінулагодні, там стары кошт. А для 10 класа сёлета падручнікі дапрацоўваюцца і перавыдаюцца, там шмат такіх падручнікаў”, — тлумачаць падаражанне ў Інстытуце адукацыі.

І дадаюць, што таксама падаражэлі папера і графічныя паслугі. Сёлета плата за падручнікі падвысілася на чвэрць, а канцылярскія вырабы падняліся ў коштах на траціну, у параўнанні з мінулым годам.

Фота: evening-kazan.ru , відэа: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі