КДБ дадаў у "спіс тэрарыстаў" яшчэ трох беларусаў

Камітэт дзяржбяспекі
Цяпер там 1122 прозвішчы.
"Спіс тэрарыстаў", які вядзе Камітэт дзяржбяспекі, павялічыўся на тры прозвішчы.
У спіс уключаны 20-гадовы жыхар Віцебскай вобласці Павел Нявыглас. Яго судзілі паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі).
Таксама да "тэрарыстаў" залічылі 30-гадовага жыхара Брэсцкай вобласці Андрэя Цалюка. Ён асуджаны паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).
Трэцім чалавекам, дададзеным у спіс, стаў 29-гадовы жыхар Гомельскай вобласці палітвязень Дзмітрый Лагуценка. Яго таксама асудзілі паводле арт. 130 КК. Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць, што Лагуценку затрымалі ў студзені 2023 года пасля даносу праўладнага правакатара Юрыя Камара. Лагуценка пагаварыў з ім у чат-рулетцы ў інтэрнэце, што мела сумныя вынікі.
Цяпер у пераліку "тэрарыстаў" 1122 прозвішчы, сярод іх 361 беларус. Зняволеным, якія трапілі ў гэты спіс, забаронена атрымліваць грашовыя пераводы ў калонію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.