"Кашалёк" "Барадзе" не таварыш

“Барада” – так 25 сакавіка міліцыянты, размаўляючы па рацыі, называлі Аляксандра Мілінкевіча. Год таму Аляксандр Казулін у “рацыянальных” размовах праходзіў пад мянушкай “Лысы”.
Адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў патлумачыў журналістам
“Еўрапейскага радыё”, што гэтыя мянушкі – не проста выпадковы
прафесійны жаргон.

Ананім: “Гэта шыфруюць. “Барада”, “Лысы”… Гэта менавіта шыфруюць. Ты ж, напрыклад, гэта бачыў, чуў – таму трэба шыфраваць. Ёсць такі прынцып пры перагаворах: зусім-зусім “левы” чалавек так і не здагадаецца, пра каго гавораць”.

Сапраўды, ад мянушак “Барада” і “Лысы” патыхае скупой функцыянальнасцю. Не тое, што ад азначэнняў “Баскетбаліст” і “Марпех”, якімі экс-кандыдатаў у прэзідэнты з падачы самі-ведаеце-каго дражнілі падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі.

І калі ад мянушак “адзінага” з часам не засталося нічога, акрамя размоўных “Мілы” і “Мілік”, дык асяроддзе, у якім знаходзіцца зараз Казулін, паспрыяла з’яўленню цэлага шэрагу новых… м-м-м-м-м… псеўданімаў.

У калоніі былога рэктара БДУ спярша называлі прафесарам, але з часам вязні адмовіліся ад гэтай мянушкі. Распавядае адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч

Ігар Рынкевіч: “Падчас галадоўкі ў яго была мянушка “Бухенвальдский крепыш” – сапраўды, ён выглядаў як чалавек у канцлагеры, скура ды косці. Апошнім часам мянушкі ў яго дзве, як хто: ці “Прэзідэнтам” называюць, ці клічуць “Князем”.

Калі наконт першай мянушкі ўсё зразумела, дык другая, на думку спадара Рынкевіча, тлумачыцца тым, што Аляксандр Казулін не падпісаў пісьмовае абавязальніцтва аб паслухмяных паводзінах – адзіны ў калоніі.

Ігар Рынкевіч: “З пункту гледжання паняццяў у калоніі, можна назваць яго блатным”.

Яшчэ адно асяроддзе, у якім айчынныя палітыкі страчваюць свае імёны і прозвішчы і набываюць кадаваныя мянушкі, – беларускае памежжа. Распавядае моладзевы актывіст Франак Вячорка.

Франак Вячорка: “Называюць “жукамі” і “дзятламі”. “Жук-1”, “Жук-2”, “Жук-3” ці “Жук-А”, “Жук-B”, “Жук-C” і гэтак далей. Ёсць такі выпадак, калі Вячорка перасякаў мяжу, дык ён ёсць “Жук-Д”. А Івашкевіч – гэта І. “Аб’ект І”.

Не тое, каб іншыя лідэры беларускай апазіцыі карысталіся меншай сімпатыяй электарату: аднолькава незаўважныя сімпатыі да ўсіх – але мянушак і, тым больш, мянушак цікавых яны амаль не маюць.

Традыцыйна – пры дапамозе імя і імя па бацьку – звяртаюцца да іх і ў прафесійным палітычным асяроддзі. Распавядае Аляксей Кароль, адзін з самых сталых беларускіх апазіцыянераў.

Аляксей Кароль: “Ва ўсялякім разе, у шырокім ужытку я мянушак не чуў. Практыка рэвалюцыйнага падполля да нас яшчэ не прыйшла. Ну, “Лебедзь” часам гучыць… Па тэлефоне розныя хітрыкі, але замацаваных мянушак няма”.

Васіль Быкаў у сатырычным апавяданні “Інтэграцыя” прыдумаў для лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі іншую мянушку – “Залябедзька”. Ад пісьменніка атрымалі на гарэхі і іншыя палітыкі: Вячорка стаў “Ранчонкам”, Пазняк – “Спазняком”, Шэйман – “Мэйманам”.

Не менш творча падыходзіць да прозвішчаў беларускіх апазіцыянераў і моладзь: са слоў аднаго з моладзевых актывістаў, Вячорка – гэта “Вінстан” ці “Вінт”, Івашкевіч – “Івашка” або “Кашалёк”. Сакратар Управы партыі БНФ Андрусь Саротнік вядомы пад мянушкай “Бажок”.

Моладзевы актывіст
: Міхалевіч Алесь – гэта “Міхельсон” альбо “Карфаген”…
Мікалай Карняйчук: Цікава, чаму “Карфаген”?
Моладзевы актывіст: “Карфаген трэба знішчыць!”

Беларускія палітыкі, як і іх заходнія калегі, не надта крыўдзяцца на мянушкі. Бо разумеюць: сінонім да свайго прозвішча ад народу заслугоўвае толькі той, хто хаця б нешта важыць у яго вачах.

А на маю думку, любая згадка ў размове – нават самая іранічная ці крытычная – гэта для палітыка толькі плюс.

Фота — photo.bymedia.net