Каб пакурыць, студэнты кожны перапынак парушаюць правілы дарожнага руху

З 1 верасня ўсе ўстановы адукацыі аб'явілі зонамі, вольнымі ад курэння. Еўрарадыё прайшлося па сталічных універсітэтах і паглядзела, як забарона адбілася на нікацінавай залежнасці студэнтаў.
"Нешта я пра гэта нічога не чуў. Вось тут месца для палення, я тут палю", — кажа студэнт хімфака БДУ.
Згодна з загадам Мінадукацыі, паліць нельга ў навучальных карпусах, а таксама на ганку і прылеглай да навучальнай установы тэрыторыі. Ахоўнік з цыгарэтай патлумачыў, што паліць можна толькі ў адведзеных месцах.
"Тут нельга паліць таксама. Калі сметніцы ёсць, то яшчэ пакуль можна, закон такі толькі плануецца, але я думаю, што ён пройдзе".


Але ў БДУ ўжо даўно паліць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, распавёў Еўрарадыё студэнт-географ.
"Курыць можна толькі ў адведзеных зонах, дзе спецыяльныя курылкі ёсць. А так ганяюць. Вось тут на лавачках, там яшчэ ёсць курылкі. А калі па дворыку недзе будзеш хадзіць, і ахова зловіць, могуць штраф даць".


Праўда, на думку супрацоўніка аховы, увядзенне новых забаронаў на паленне на вуліцы можа прывесці да таго, што паліць будуць у памяшканнях.
Афіцыйна ў БДУ ёсць некалькі месцаў, дзе паліць дазволена, а на ўсёй іншай тэрыторыі з цыгарэтай з'яўляцца нельга. Іншая сітуацыя каля хімфаку і юрфаку, якія знаходзяцца па-за ўнутраным дворыкам БДУ.
Кажа студэнт хімфака:
"Насамрэч тут некалі стаяла курылка. Гады тры таму яе прыбралі, паставілі лаўкі, але цяпер тут нічога няма. Тут заўсёды было месца для палення, пад юрфакам такая ж сітуацыя. Трэба паставіць тут курылкі — і ўсё будзе нармальна".
Каля юрфака, як заўсёды, натоўп студэнтаў, што выбеглі папаліць на перапынак.
"У мяне тэлевізара няма, таму я пра гэта нічога не чуў. Тут на тэрыторыі забараняюць паліць, толькі каля сметніц можна, каб не смецілі", — кажа будучы юрыст.
У тытунёвым дыме, як заўсёды, знаходзіцца і ўнутраны дворык філфака. Відавочна, што і там паліць не забаранілі — прынамсі, пакуль.
"Паглядзіце, колькі тут народу, нам нічога не забаранілі афіцыйна. Павінны быць адведзеныя месцы для палення, яны па ўсім горадзе ёсць. Тут, мне падаецца, канкрэтна адведзенае месца".

А вось студэнты БДУІР штодзень парушаюць правілы дарожнага руху, каб выпаліць цыгарэту. Каля ўнівера паліць не дазваляюць, таму студэнтам даводзіцца перабягаць вуліцу Пятруся Броўкі, каб пакурыць каля першай бальніцы.
Кажа студэнт пятага курса:
"Я быў у шоку. Раней такога не было, а зараз прыйшоў у ўнівер, а тут усе праз дарогу бегаюць, каб папаліць, бо ахова не дазваляе паліць побач з корпусам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі