J:морс дасць "некаларыйны" канцэрт

Паўакустычны канцэрт, падобны да летняга некаларыйнага меню, альбо выступ кшталту “Канцэрта ў тэатры”, толькі на летні манер, зладзіць гурт J:морс на адкрытым паветры. “Гэта будзе не зусім традыцыйны наш выступ, ― распавёў Еўрарадыё лідар гурта Ўладзімір Пугач. ― Гэта будзе аблегчана-летні варыянт J:морс. Ведаеце, як ёсць аблегчанае летняе меню ў рэстаранах, некаларыйнае, тое самае будзе з музычным складнікам гэтага мерапрыемства. У нас будзе аблегчаная праграма, паўакустычная, з пераробленымі аранжыроўкамі песень. Гэта не будзе традыцыйнае гучанне J:морс, гэта будзе некалькі іншая музычная форма”.

Канцэрт адбудзецца 19 жніўня ў chill-out кавярні "U2".  Прыхільнікі гурта, па словах Уладзіміра Пугача, у гэты вечар пазнаёмяцца з “морсамі” у некалькі іншым варыянце”, і, магчыма, пачуюць песні з будучага альбома, над якім цяпер актыўна працуюць музыкі.

Уладзімір Пугач: “Мы цяпер сапраўды працуем над новым альбомам, але гэта будзе чарговы нумарны альбом J:морс, які, магчыма, не зусім будзе ўпісвацца ў межы гэтага акустычнага канцэрта. Нешта з новага, магчыма, мы і зробім, адаптуем да канцэрта, калі гэта атрымаецца і калі паспеем. Але ў кожным выпадку сэнс гэтага канцэрта – не дэманстрацыя новага матэрыялу, а паказаць J:морс з некалькі іншага боку: як музычную артэль, якая можа яшчэ і так, па-іншаму”.

Уладзімір Пугач абверг меркаванне Еўрарадыё наконт магчымага выканання на канцэрце некалькіх кавераў на сусветнавядомыя хіты: маўляў, свайго матэрыялу шмат. Не да чужога!

Уладзімір Пугач: “Перыядычна мы забаўляемся на саўнд-чэках: граем ад Green Day да Pink Floyd. Але ў нас хапае свайго матэрыялу. У нас праблема адваротная: нам патрэбна 20 трэкаў, а ў нас іх 40. Сядзім і выкідваем адзін за адным. Так што сваіх песень зашмат, каб каверы ўстаўляць у канцэрты”.

Пачатак канцэрту 19 жніўня ў 20:00, кошт квіткоў стартуе ад 45-ці тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі