Irdorath зрабілі з дзіцячай лічылкі хорар (відэа)

Беларускі фолк-фэнтэзі-гурт Irdorath зняў дэбютнае відэа на песню "As Bas", тэкстам для якой стала дзіцячая беларуская лічылка. Музыкі кажуць, што такім чынам яны хацелі перадаць "дзікае пачуцце вяселля і пагоні, якімі напоўненыя дзіцячыя даганялкі".


Рэжысёрам кліпа выступіў Аляксандр Бакавец, аператарам — Міхаіл Кашкан. Здымкі адбываліся цягам трох восеньскіх дзён недалёка ад Лагойска.


"Перад намі стаяла няпростая задача, — распавядаюць удзельнікі гурта пра кліп. — Мы хацелі перадаць настрой песні і стварыць казку. Дзікую, вясёлую і трохі змрочную. Нам вельмі пашанцавала са здымачнай камандай. Мы хутка знайшлі агульную мову і пачалі ўвасабляць ідэі ў жыццё. Мы доўга шукалі месца для здымак. Але знайшлі настолькі глухі лес, што не раз сустракалі там казуль".


Кампазіцыя "As Bas" увойдзе ў будучую кружэлку каманды "Dreamcatcher", рэліз якой прызначаны на вясну. Паводле музыкаў, лонгплэй складаецца з уражанняў, накопленых гуртом падчас вандровак. У яго увойдуць творы на беларускай, македонскай, англійскай, рускай мовах і інструментальныя кампазіцыі.


"З часоў дэбютніка "Ad Astra" мы моцна пасталелі, і, думаем, што досвед раскрыецца ў "Dreamcatcher" цалкам. Музыка атрымалася сур'ёзнай і ўвабрала ў сябе элементы фальклору. Яна мае адсылкі да сучасных стыляў, аднак выкананая на нетыповых для іх інструментах, таму набыла унікальнае гучанне", — рэзюмуюць музыкі.


Прэзентацыя новага альбома Irdorath запланаваная на 1 траўня ў клубе Re:Public.

Інфармацыя і фота:  afisha.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі