INXS уз'ядналіся з былым вакалістам

Аўстралійскія рокеры INXS узнавілі супрацоўніцтва з вакалістам Джэй-Дзі Форчунам (J.D. Fortune). Паведамляецца, што музыка возьме ўдзел ва ўсіх бліжэйшых канцэртах гурта, якія запланаваныя да канца года. Нагадаем, што Джэй-Дзі Форчун далучыўся да INXS у 2004-м годзе на правах пераможцы конкурсу Rock Star: INXS, што быў запушчаны з мэтай знайсці замену памерламу Майклу Хатчэнсу (Michael Hutchence). Вакаліст запісаў з камандай адзін альбом – «Switch» (2005) – і правёў з ёй канцэртнае турнэ.

На пачатку 2009-га музыка заявіў, што больш не з'яўляецца ўдзельнікам INXS – маўляў, пасля турнэ яго калегі не назвалі перспектываў яго далейшага знаходжання ў гурце. Самі INXS, нарэшце, аспрэчылі гэтае выказванне, запрасіўшы Джэй-Дзі выступіць з імі на адкрыцці Зімовых Алімпійскіх Гульняў у Ванкуверы ў лютым 2010-га.

Гэтая акцыя расцэньвалася як аднаразовая, але тым не менш, атрымала працяг. З красавіка па ліпень гэтага года INXS адыгралі яшчэ некалькі канцэртаў з Джэй-Дзі Форчунам – у тым ліку, на IT-канферэнцыі VMWorld у Сан-Францыска перад 17-тысячнай аўдыторыяй. Таксама анансуецца, што 25 верасня музыкі выступяць на фінальнай гульні на Кубак Федэрацыі Аўстралійскага футбола.

Нагадаем таксама, што зараз INXS занятыя працай над альбомам-прысвячэннем свайму былому фронтмэну Майклу Хатчэнсу, які сканаў у 1997 годзе. Да запісу альбома прыцягнутыя некалькі вядомых вакалістаў - у прыватнасці, Роб Томас з Matchbox Twenty і Брэндан Флаўэрс з The Killers.

Фота: frost-family.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі