Хочаце прыцягнуць сілавікоў да адказу, СК адмовіўся заводзіць справу: што далей?

Сілавікі на акцыі пратэсту / Еўрарадыё
Сілавікі на акцыі пратэсту / Еўрарадыё

Пасля брутальных разгонаў акцый 9-11 жніўня многія збітыя грамадзяне Беларусі напісалі заявы з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці сілавікоў, вінаватых у нематываванай жорсткасці. 5 лістапада, амаль праз тры месяцы пасля тых падзей, заяўнікі пачалі атрымліваць са Следчага камітэта апавяшчэнні пра адмову ў завядзенні крымінальных спраў.

Што значаць гэтыя апавяшчэнні, ці маюць заяўнікі права на нешта большае і што рабіць тым, хто ўсё ж хоча дамагчыся справядлівасці? На пытанні Еўрарадыё адказвае адвакат Альвіна Мінгазава.

— Пры адсутнасці падстаў для завядзення крымінальнай справы орган дазнання, следчы або пракурор выносяць матываваную пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы, — кажа адвакат.

Важна, што гэта мусіць быць менавіта пастанова, а не апавяшчэнне. Гэта розныя формы дакументаў. Адвакат адзначае, што ў пастанове мусіць быць рашэнне органа дазнання, следчага, пракурора са спасылкай на артыкул КК, у завядзенні справы па якім адмоўлена.

Хотите привлечь силовиков к ответу, но СК отказался возбуждать дело: что дальше?
Апавяшчэння пра адмову ў завядзенні справы недастаткова: вам мусяць выдаць і пастанову / Еўрарадыё

Мусіць быць пазначаны ў пастанове і лёс канфіскаваных падчас праверкі слядоў, прадметаў і дакументаў.

— Копія пастановы аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы цягам 24 гадзін накіроўваецца заяўніку, асобе, у дачыненні да якога прынята рашэнне, і пракурору, — тлумачыць Мінгазава.

Заяўніку і асобе, у дачыненні да якой прынятае рашэнне, мусяць растлумачыць парадак абскарджання пастановы. Таксама следчыя абавязаныя даць магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі.

— Заяўнік мае права звярнуцца ў орган крымінальнага пераследу для азнаямлення з матэрыяламі праверкі. Орган крымінальнага пераследу прад'яўляе для азнаямлення матэрыялы праверкі па заяве або паведамленні аб злачынстве ў падшытым і пранумараваным выглядзе. Па просьбе асобы, якая ажыццяўляе азнаямленне з матэрыяламі праверкі па заяве або паведамленні аб злачынстве, прайграваюцца фанаграмы, дэманструюцца відэазапісы, кінафільмы, слайды, калі яны ёсць у  матэрыялах.

Агульны тэрмін для азнаямлення з матэрыяламі праверкі — месяц.

Абскардзіць адмову ў завядзенні справы можна начальніку следчага падраздзялення, пракурору або ў суд.

— Скаргі на рашэнні органа крымінальнага пераследу аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы падаюцца адпаведнаму пракурору ці ў суд па месцы расследавання або разгляду заявы. Скаргі на рашэнні следчага аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы могуць быць таксама пададзеныя адпаведнаму начальніку cледчага падраздзялення. Скаргі могуць быць пададзеныя ў вуснай або пісьмовай форме. Вусныя заносяцца ў пратакол, які падпісваюць заяўнік і службовая асоба, якая прыняла скаргу. Да скаргі могуць быць прыкладзеныя дадатковыя матэрыялы. Я рэкамендую падаваць скаргі пісьмова.

Падаць скаргу на рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы можна ў межах тэрміну даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці. 

Мінгазава раіць алгарытм дзеянняў пасля атрымання паведамлення аб адмове ў завядзенні справы: азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, атрымаць на рукі пастанову аб адмове і затым напісаць скаргу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі